БЕЛ Ł РУС

30 жніўня – Міжнародны дзень зніклых

30.08.2011 / 09:52

У Беларусі няма войнаў і узброеных канфліктаў, але чатыры вядомыя чалавекі больш за 10 гадоў таму зніклі без звестак.

Адзначаецца гэты дзень з ініцыятывы Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, які звярнуўся да сусветнай супольнасці з заклікам даць больш сур’ёзную ўвагу адной з найбольш складаных гуманітарных праблем, якія ўзьнікаюць падчас узброеных канфліктаў.

Традыцыю адзначэння Дня зніклых без вестак 30 жніўня запачаткавала ў пачатку 1980-х гадоў лацінаамерыканская Федэрацыя сваякоў зніклых людзей FEDEFAM. Гэтая арганізацыя ў якасці першай, а ўслед за ёю такія праваабарончыя арганізацыі, як Amnesty International, Human Rights Watch і «Мэмарыял», пачалі ўздымаць на міжнароднай арэне пытанне зніклых людзей.

Колькі людзей ува ўсім сьвеце лічацца зьніклымі бязь вестак, дакладна невядома. Паводле FEDEFAM, практыка затрымліваньня і затым зьнішчэньня людзей стала выкарыстоўвацца ўладамі Гаіці і Гватэмалы яшчэ ў 1960-я гады. Знікненні палітычных апанентаў сталі ў Лацінскай Амерыцы, у прыватнасці ў Чылі, у гады кіравання генерала Піначэта ледзь не нормай. Паводле арганізацыі, з 1960-х гадоў агулам у Лацінскай Амерыцы зніклі без ветак 90 тысяч чалавек, а на сённяшні дзень у гэтым сэнсе найгоршая сітуацыя ў Калумбіі.

Дзякуючы намаганням праваабарончых арганізацыяў у 1992 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла адмысловую дэкларацыю ў пытанні гвалтоўных выкраданняў. Гвалтоўнае выкраданне было прызнанае злачынствам у канстытуцыях шэрагу краінаў свету. У снежні 2006 года Генеральная Асамблея прыняла Канвенцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкрадання. Упершыню ў гісторыі з’явіўся міжнародны дакумент, які абавязвае ўрады ўключаць выкраданні людзей у лік злачынстваў, прадугледжаных заканадаўствам, а таксама гарантаваць судовае расследаванне і пакаранне вінаватых. Канвенцыя ставіць па-за законам сакрэтнае ўтрыманне пад вартай, патрабуе паведамляць сваякам і адвакатам аб месцы знаходжання затрыманых і прычынах іх затрымання.

Дакумэнт падпісалі больш за 80 дзяржаваў.

Беларусь гэтай канвенцыі не падпісала.

У Беларусі няма войнаў і канфліктаў. Але чатыры чалавекі — палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і тэлеаператар Зміцер Завадскі — зніклі пры загадкавых абставінах. Крымінальныя справы аб іх знікненні не раз прыпынялі, потым аднаўлялі зноў.

Патрабаванні раскрыць праўду пра выкраданне гэтых людзей змяшчаюцца ў рэзалюцыях Камісіі ААН у пытаннях правоў чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ. Дзейным і былым чыноўнікам сілавых структур Уладзіміру Навумаву, Віктару Шэйману, Юр’ю Сівакову, Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Еўрасаюза з прычыны падазрэння ў дачыненні да знікнення Змітра Завадскага, Віктара Ганчара, Юр’я Захаранкі, Анатоля Красоўскага.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула