У Магілёве вызначаць сем цудаў мясцовай прыроды
Магілёўская Цэнтральная гарадская бібліятэка прапанавала жыхарам горада шляхам галасавання назваць сем найболей прыгожых прыродных мясцін горада.
«Галасаванне ідзе актыўна. Ужо ўзялі ўдзел прыкладна 500 чалавек», — расказала БелаПАН дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва Галіна Краўчанка. Паводле папярэдніх вынікаў, найболей прывабнай з прыродных аб’ектаў для жыхароў горада з’яўляецца Палыковіцкая крыніца.
Краўчанка адзначыла, што выбар самай прыгожай мясціны можа быць зроблены як з прапанаваных бібліятэкай, так і з самастойна вызначаных.
Конкурс «Сем цудаў прыроды Магілёва», які завершыцца 1 кастрычніка, з’яўляецца апошнім этапам у праекце «Мы гэтым горадам ахоўваемся».
Першым этапам было галасаванне «Дзесяць творцаў магілёўскай гісторыі». Шляхам маніторынгу грамадскай думкі ў 2009 годзе былі названыя найболей яркія асобы ў гісторыі горада. Тады больш за ўсё галасоў набраў матэматык, географ, геафізік, астраном Ота Шміт, які нарадзіўся ў Магілёве ў 1891 годзе.
На другім этапе, які называўся «Сем цудаў архітэктуры Магілёва», былі вызначаныя найболей цікавыя архітэктурныя збудаванні абласнога цэнтра — будынак драматычнага тэатра, Дом саветаў, ратуша, касцёл Святога Станіслава, Нікольскі праваслаўны манастыр, Буйніцкае поле і вуліца Ленінская.