БЕЛ Ł РУС

Беларусы хацелі б больш безнаяўных плацяжоў

21.09.2011 / 10:47

Толькі 10% апытаных Нацыянальным банкам Беларусі рэспандэнтаў ацэньваюць якасць банкаўскіх паслуг у сферы безнаяўных рознічных плацяжоў як высокую.
Гэта вынікае з апытання насельніцтва аб выкарыстанні сродкаў ажыццяўлення безнаяўных рознічных плацяжоў (банкаўскія пластыкавыя карткі; электронныя грошы; інтэрнэт-банкінг; мабільны банкінг).

Анкетаванне было праведзена Нацбанкам у 1–2 кварталах 2011 года. Для правядзення апытання была падрыхтавана анкета з 27 пытанняў, якія тэматычна ахопліваюць прымяненне насельніцтвам сродкаў безнаяўных рознічных плацяжоў, якасць паслуг у выніку іх выкарыстання, а таксама прапанова выказаць меркаванне пра існыя недахопы, паляпшэнні і пашырэнні гэтай сферы паслуг. Анкетаванне паказала, што для большасці рэспандэнтаў (85%) магчымасць аплаты тавараў і паслуг з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак, электронных грошай, тэхналогій інтэрнэт-банкінгу, мабільнага банкінгу з’яўляецца неабходнай.

96% удзельнікаў анкетавання карыстаюцца банкаўскімі пластыкавымі карткамі; 43% і 24% — адпаведна інтэрнэт-банкінгам і мабільным банкінгам і 9% — электроннымі грашыма.

Разам з тым толькі 10% рэспандэнтаў ацэньваюць якасць банкаўскіх паслуг у сферы безнаяўных рознічных плацяжоў як высокую;

большасць рэспандэнтаў (80%) ацанілі яе як сярэднюю
і 10% лічаць якасць паслуг нізкай.

Сярод фактараў, якія зніжаюць давер насельніцтва да выкарыстання сродкаў ажыццяўлення безнаяўных рознічных плацяжоў, рэспандэнты назвалі: недастатковую развітасць сеткі плацежных тэрміналаў, інфакіёскаў, банкаматаў (55%); частыя збоі ў іх працы (54%); недастатковую кваліфікацыю работнікаў сферы гандлю і паслуг пры выкарыстанні тэрмінальнага абсталявання (32%); працяглы час сувязі з банкам, дрэнную сувязь (31%); іншыя фактары (6,3%), напрыклад, адсутнасць даступнай і простай рэкламы; незацікаўленасць персаналу прадпрыемстваў гандлю і сэрвісу ў павелічэнні долі безнаяўных разлікаў; боязь выплаты камісіі пры карыстанні банкаматам/тэрміналам.

Як адну з істотных прычын, якія стрымліваюць правядзенне безнаяўных плацяжоў ва ўстройствах, або прычыны, што выклікаюць нязручнасць пры іх выкарыстанні, рэспандэнты адзначылі частыя збоі ў іх працы (або нерабочы стан), у тым ліку выкліканыя працяглай і нестабільнай сувяззю з разліковым банкам.

Улічваючы вынікі праведзенага апытання, Нацбанк рэкамендаваў банкам сумесна з прадпрыемствамі гандлю, сэрвісу і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі прыняць меры для павелічэння долі безнаяўных разлікаў, якія ажыццяўляюцца з выкарыстаннем электронных плацежных інструментаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула