БЕЛ Ł РУС

Нямецкі джазавы гурт заспяваў па-беларуску

21.09.2011 / 11:28

Для праекта «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» сусветнавядомы калектыў Leon Gurvitch Project запісаў па-беларуску твор «Акіян у цішы».

Твор перакладзены Алесем Камоцкім. Заснавальнік гурта, піяніст Леон Гурвіч зьехаў з роднага Менску ў 22 гады. Ён дасягнуў вядомасьці на Радзіме і стаў сапраўднай славутасьцю ў Нямеччыне, стварыўшы саўндтрэк да стужкі ўладальніка «Оскара» Мэнахэма Голана і запісаўшы сумесны альбом з уладальнікам «Грэмі» Фрэнкам Лонданам.

Джазмэн зь Нямеччыны з радасьцю адгукнуўся на прапанову паўдзельнічаць у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». «Мне падаецца цікавай ідэя падтрымкі беларускай культуры з боку музыкаў. Да ўсяго мне прыйшлася даспадобы нетрадыцыйная канцэпцыя гэтага праекту і яго рэалізацыя вядомымі музыкантамі, якія пэўным чынам зьвязаныя зь беларускай зямлёй», — зазначыў піяніст, кампазытар, аранжыроўшчык і аўтар больш чым 300 музычных твораў.

Леон нарадзіўся ў Менску ў 1979 годзе і зрабіў імклівую музычную кар’еру. Ён вучыўся ў дзяржаўным музычным ліцэі і Акадэміі музыкі. Ужо з 14 гадоў ён акампанаваў вядучым беларускім акторам у спэктаклі «Perpetuum Mobile» Расейскага драматычнага тэатру. У 19 гадоў ужо выкладаў у дзяржаўнай музычнай школе, у 20 гадоў стварыў «Менскі джазавы аркестар». Але малады музыка адчуў, што ў гэтых межах яму занадта цесна. У 2000 годзе ён утварыў яшчэ адзін калектыў — Leon Gurvitch Jazz-Project, зь якім вырашыў увасабляць у жыцьцё ўласныя ўяўленьні пра музыку, спалучыўшы джаз і фольк. З уласным калектывам супрацоўнічаў з Інстытутам Гётэ і часта выступаў на прыёмах у амбасадах Нямеччыны, Ізраілю, ЗША.

У 2001 годзе Леон прымае рашэньне зьехаць у Гамбург,
дзе працягвае працаваць з сваім джазавым праектам. У гэтым жа годзе менскі музыка напісаў саўндтрэк да фільму «Death Game», спрадусаванага ўладальнікам «Оскару» Мэнахэмам Голанам, а пасьля яшчэ была супраца з сусьветнавядомым рэжысэрам Пэтэрам Цадэкам. Гурт Гурвіча мае пастаянныя запрашэньні на самыя прэстыжныя эўрапейскія джаз-фэстывалі, езьдзіць у туры па Нямеччыне, Швайцарыі, Нідэрляндах ды іншых краінах, робіць сумесныя праграмы з знакавымі джаз-пэрсонамі, такімі, як Пол Бродзі і Ўладзімер Чэкасін. У 2008 годзе праект Леона Гурвіча пачаў супрацу з Фрэнкам Лонданам, славутым джазавым трубачом зь Нью-Ёрку, уладальнікам «Грэмі» (2007), а летась запісаў зь ім сумесны дыск Eldorado на вядомым нямецкім лэйбле «Morgenland». Пры гэтым Леон яшчэ пасьпявае даваць майстар-клясы, выкладаць у кансэрваторыі імя Брамса і тэатральнай школе Stage School, да ўсяго пяць гадоў ён кіраваў царкоўным хорам, тры гады быў дырыжорам міжнароднага філярманічнага аркестру Гамбургу, а потым кіраваў аркестрам Брамса…

Як прызнаецца Леон,

нават пры такой шчыльнай працы ў Нямеччыне, на свае карані ён не забываўся.
Адзін зь яго музычных праектаў «Live Painting — Jazz — Improvisation» аб’яднаў музыкантаў зь Беларусі, якія жывуць у Нямеччыне. Для гэтага праекту была запісана кампазыцыя «Божая радунька»: «Захацелася паімправізаваць на народную тэму, атрымаўся творчы экспэрымэнт, дзе сыйшліся акустычныя інструмэнты з электронікай», — з захапленьнем распавядае музыкант. У сваю канцэртную праграму ён пэрыядычна ўключае песьні, зьвязаныя зь беларускай тэматыкай, як «Варыяцыі на беларускія тэмы», «Я табун сьцерагу», тую ж «Божую радуньку».

Для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» Леон упершыню ўзяўся за выкананьне аўтарскага твору на роднай мове: «Я адгукнуўся на пажаданьне завадатараў праекту адыйсьці ад фальклёру ды прадставіць беларускую музыку ў сучасным выглядзе, таму вырашыў узяць кампазыцыю „Infinite Ocean“, якую я стварыў ужо ў Гамбургу, у 2004 годзе. Часта выконваю яе на эўрапейскіх джазавых фэстывалях і мне здалося, што яна цудоўна загучаць па-беларуску». Арыгінальны тэкст да гэтага твору напісала джазавая сьпявачка Іна Высоцкая, якая доўгі час саліруе ў Leon Gurvitch Project. Яна ж яе і выканала.

Дзякуючы аўтару беларускага тэксту Алесю Камоцкаму, кампазыцыя загучала на беларускай мове.

«Мне вельмі імпануе такая музыка і творчасьць Леона ў прыватнасьці. Памятаю яго яшчэ па менскіх часах, нават быў на яго апошнім беларускім канцэрце ў філярмоніі. І тэкст перакладаўся вельмі лёгка, бо музыка ў тым дапамагала», — кажа Алесь.

Адмыслова для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» запіс «Акіяна ў цішы» быў зроблены на сольным канцэрце Leon Gurvitch Project у тэатры «Pollitburo» ў Гамбургу 14 траўня 2010 году.

Апошні свой канцэрт у Менску Леон Гурвіч даў у Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ў далёкім 2001 годзе, але сувязь з Радзімай падтрымлівае праз сваіх сябраў і калегаў. Часам зь Менску яму перадаюць прыемныя навіны, калі яго твор гучыць у этэры беларускага радыё ці трапляе на джазавую складанку. Леон спадзяецца, што ў будучыні сыграе яшчэ вялікі сольны канцэрт у родным Менску.

Leon Gurvitch Project — Акіян у цішы (музыка — Леон Гурвіч, словы — Іна Высоцкая, беларускі тэкст — Алесь Камоцкі)

Спампаваць песню можна тут, або тут

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула