БЕЛ Ł РУС

Больш за 60% гродзенцаў адкрылі шматразовы «шэнген» амаль задарма

26.09.2011 / 11:17

Паводле дадзеных Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча, сёлета жыхарам Гродзенскай вобласці было адкрыта на 30% візаў больш, чым летась.
Аналіз прычын, якія называюцца ў графе «мэта», паказвае, што прыкладна дзве траціны ўсіх аформленых візаў адкрывалася з мэтай «па пакупкі». У консульстве гэтаму не дзівяцца, бо такая мэта паездкі дазваляе без запрашэння і даведкі з польскіх гіпермаркетаў аформіць шматразовы «шэнген», піша газета «Вячэрні Гродна». Другую пазіцыю па масавасці займаюць працоўныя візы. Трэцяя група — доўгатэрміновыя нацыянальныя візы. А вось візы, у якіх мэта паездкі «турызм», апынуліся ў абсалютным меншасці — менш за 1% сярод усіх аформленых у Гродне.

Дарэчы, з 15 верасня зарэгістраваць анкету на польскую візу можна толькі ў электронным варыянце ў сістэме e-konsulat.gov.pl.

— Мы разумеем, што новы абавязковы парадак можа выклікаць цяжкасці ў некаторых грамадзян, асабліва ў Беларусі, дзе не кожны мае вольны доступ у інтэрнэт, але такім чынам рэгістрацыя на 100% становіцца больш даступнай, — кажа Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Хадкевіч.

У Генконсульстве не хаваюць, што зацікаўленыя ў публічнасці. У гэтым выпадку ў гродзенцаў адпадае неабходнасць звяртацца да дзялкоў, якія кругласутачна сядзяць online, ствараюць сеткі, адсочваюць адкрыццё рэгістрацыі і прадаюць свае паслугі.

— Мы не хочам рабіць з афармлення візаў латарэю, — кажа Анджэй Хадкевіч і называе дакладны час: кожны аўторак пасля абеду можна будзе зарэгістравацца на тыдзень наперад. Так, напрыклад, 27 верасня будуць прапанаваныя тэрміны падачы анкет у Генконсульства ад 3 да 7 кастрычніка.

Ажыятаж пачаўся вясной, калі народ масава паехаў за мяжу па аўтамабілі. І працягнуўся, калі з’явілася магчымасць атрымаць шматразовую шэнгенскую візу, напісаўшы мэту паездкі «па пакупкі».
Попыт такі вялікі, што пайшлі чуткі: візы з такой мэтай перасталі афармляць наогул. Аднак гэтыя чуткі абверглі: мэта «па пакупкі» па-ранейшаму з’яўляецца падставай для выдачы шматразовай шэнгенскай візы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула