Сікорскі: Лукашэнка бярэ дэмакратычныя стандарты з Усходу, а грошы – з Захаду
«Я не ведаю нікога (а я размаўляў з высокапастаўленымі расійскімі партнёрамі), хто б верыў, што Лукашэнка атрымаў 80%».
«У Лукашэнкі ёсць цікавая ідэя, як утрымацца ва ўладзе: браць дэмакратычныя стандарты з Усходу, а грошы — з Захаду. Але мы можам гэта не прыняць. Баюся, Еўропа будзе настойваць, што стандарты і грошы ён павінен браць з адной і той жа крыніцы» — такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, выступаючы 29 верасня на канферэнцыі Усходняга партнёрства ў Варшаве.
Сікорскі нагадаў, што летась ён і міністр замежных спраў Германіі Гідо Вестэрвеле перадалі Аляксандру Лукашэнку прапанову: «Калі ён правядзе справядлівыя выбары, стане наладжваць цеснае супрацоўніцтва з ЕС, Беларусь можа атрымаць значную эканамічную дапамогу».
«Аднак прэзідэнт Лукашэнка не стрымаў слова і сфальсіфікаваў выбары. Я не ведаю нікога (а я размаўляў з высокапастаўленымі расійскімі партнёрамі), хто б верыў, што Лукашэнка атрымаў 80 працэнтаў», — сказаў польскі міністр.
Паводле слоў Сікорскага, «Польшча разглядае беларускі народ як еўрапейскі народ». Кіраўнік польскага МЗС спадзяецца, што ў будучым у беларускіх турмах будуць утрымлівацца злачынцы, а не апазіцыянеры. «Беларуская апазіцыя з’яўляецца нашым партнёрам», — падкрэсліў Радослаў Сікорскі.