БЕЛ Ł РУС

У правоў чалавека з'явіўся свой сімвал

30.09.2011 / 09:47

У Нью-Ёрку быў прадстаўлены лагатып, які атрымаў перамогу сярод больш чым 15 тысяч прапановаў, дасланых са 190 краін свету. Цяпер правы чалавека маюць свой сімвал.

Аўтар праекту-пераможцы — Прэдраг Стакіч з Сербіі. Ідэя 32-гадоваму спецыялісту па графічным дызайне прыйшла ў галаву, калі ён чытаў Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. «У прэамбуле гаворыцца пра тое, што правы чалавека — аснова для стварэння свету, у якім будзе панаваць свабода, справядлівасць і ўсеагульны мір. Менавіта гэтую ідэю я адлюстраваў, аб’яднаўшы ў новым лагатыпе два ўніверсальныя сімвалы — руку і птушку».

Усясветны конкурс «Лагатып правоў чалавека» ўзяў старт 3 траўня 2011. Аўтарытэтнае журы з актывістаў праваабарончага руху і дызайнераў адабрала 10 найлепшых працаў з 15 тысяч, пасля чаго людзі з усяго свету ў фармаце адкрытага інтэрнэт-галасавання вызначылі лагатып-пераможцу.

«Вялікі поспех конкурсу сведчыць пра тое, што правы чалавека — важная тэма ва ўсіх краінах свету. Шмат хто, відавочна, лічыў, што адсутнасць універсальнага лагатыпу правоў чалавека — гэта прагал. І гэты прагал урэшце закрыты», — сказаў федэральны міністр замежных справаў Германіі Гіда Вестэрвеле.

Новы лагатып правоў чалавека можна пабачыць і спампаваць у розных фарматах на сайце humanrightslogo.net.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула