БЕЛ Ł РУС

J_Mopc на «Залатым шлягеры»

4.10.2011 / 14:22

Арганізатары абяцаюць «80–90% беларускай эстрады».

«У гэтым годзе мы вырашылі адсоткаў на 80–90 звярнуцца да беларускай эстрады, беларускага шлягера», — паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Ігар Кузняцоў. Паводле яго слоў, менавіта гэта адрознівае цяперашні фэст ад папярэдняга, які адбыўся ў 2009 годзе.

Пашырыўся таксама і спектр жанраў, у якіх выступаюць выканаўцы ад народнай музыкі да класікі.

3 кастрычніка ў музычным каледжы імя Рымскага-Корсакава выступіў актэт салістаў камернага ансамбля «Салісты Масквы» пад кіраваннем Юрыя Башмета. 4 кастрычніка ў Палацы культуры пройдзе канцэрт гурта «J_Mopc», а ў канцэртнай зале «Магілёў» адбудзецца моладзевае шоу «Шлягер шукае таленты».

Урачыстае адкрыццё фестывалю запланавана на 6 кастрычніка ў Палацы культуры вобласці. У ім возьмуць удзел Андрэй Разін, Мікалай Скорыкаў, Якаў Навуменка, Эдуард Ханок, Іскуі Абалян, Ларыса Грыбалёва, Саша Нема, Аляксандр Саладуха, ансамблі «Чараўніцы», «ДаВінчы», «Верасы», «Песняры», «Аляксандраў парк» і інш

У праграме фестывалю не толькі музычныя выступы. 5 кастрычніка ў абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава адкрыецца выніковая выстава XVI Міжнароднага пленэра па жывапісе «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве».

6 кастрычніка ў кінатэатры «Радзіма» адбудзецца творчая сустрэча з стваральнікамі вядомага фільма «Белыя росы». 8 кастрычніка на пляцоўцы каля музея этнаграфіі будзе арганізавана праца падворкаў і славянскіх кухняў.

Дастаткова шырокай з’яўляецца і геаграфія фестывалю. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў яго рамках, пройдуць

не толькі ў Магілёве, але і ў Бабруйску, Кіраўску, Асіповічах, Быхаве.

Урачыстае закрыццё фестывалю прызначанае на 9 кастрычніка. У ім возьмуць удзел Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, Руслан Аляхно, Пётр Ялфімаў, Алёна Ланская, Іван Буслай і інш

Усяго, па словах Кузняцова, у фестывалі

возьмуць удзел больш за дзве тысячы артыстаў — як прафесійных, так і самадзейных.

На цяперашнім фестывалі не прадугледжаная конкурсная праграма, «таму што заявак не было». У той жа час Кузняцоў не выключае правядзення конкурсаў у рамках «Залатога шлягера» ў будучыні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула