Праз Вэнтспілс Беларусь мае пампаваць ідэалягічна блізкую нафту
Віцэ‑прэм’ер Сямашка сёньня канкрэтызаваў бачаньне ўраду, якую менавіта нафту плянуецца пастаўляць як альтэрнатыву расейскай.
Беларусь цераз чатыры гады мае намер актыўна супрацоўнічаць па праектах у нафтавай сфэры з Вэнэсуэлай. Пра гэта заявіў сёньня першы віцэ‑прэм’ер Уладзімер Сямашка на калегіі Міністэрства прамысловасьці.
«Мы будзем разбаўляць расейскую нафту вэнэсуэльскай», ‑ сказаў ён. Ён таксама адзначыў важную ролю дывэрсыфікацыі экспарту беларускіх тавараў. «Формула нашага выжываньня ў тым, што мы павінны ўмець прадаваць сваю працу. Пакуль мы яшчэ не навучыліся гэтага рабіць», ‑ мяркуе Сямашка. Беларуская прадукцыя канкурэнтназдольная па цане, сэрвісе, якасьці. Але неабходна прпанаваць сваю прадукцыю на рынку па максімальным кошце. Цяпер мы прадаем сваю працу танна, ‑ сказаў Уладзімер Сямашка.