БЕЛ Ł РУС

Памёр журналіст Анатоль Казловіч

14.10.2011 / 10:14

Яму было 65 гадоў.

14 кастрычніка пасля цяжкай хваробы на 66-м годзе жыцця памёр беларускі журналіст, пісьменнік, сцэнарыст і педагог Анатоль Казловіч.

Анатоль Казловіч нарадзіўся ў вёсцы Горск Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Любімаму Палессю, яго лёсу і людзям ён прысвяціў шматлікія свае нарысы і кнігі.

Анатоль Казлович працаваў у «Сельской газете», кіраваў аддзелам нарыса і публіцыстыкі часопіса «Нёман», амаль чвэрць стагоддзя быў уласным карэспандэнтам маскоўскай «Литературной газеты» па Беларусі, арганізаваў і рэдагаваў фермерскую газету «Новая зямля», праваабарончае выданне «Круг»,

працаваў першым намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Народная воля».

Акрамя таго, ён выкладаў журналісцкія дысцыпліны ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва (Мінск), Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня).

Пачаўшы ў юнацтве з вершаў, Анатоль Казловіч затым стаў вядомы як майстар мастацка-дакументальнай прозы. Аўтар паўтара дзясятка кніг, сцэнарыяў шэрагу дакументальных фільмаў. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЕН-цэнтра.

Нават у застойныя савецкія гады Казловіч змог пісаць вострую публіцыстыку, праўдзівыя псіхалагічныя нарысы. Яго журналісцкія публікацыі і кнігі вызначаюцца адточаным стылем, філасофскім поглядам на жыццё, тонкай іроніяй.

Цыклу сваіх кніг-хронік аўтар даў назву «Беларусы паміж небам і зямлёй».
Анатоль Казловіч хварэў душой за тое, каб беларусы, народ з надзвычай драматычнай гісторыяй, сталі, нарэшце, гаспадарамі свайго лёсу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула