«Ганцавіцкі час»: Сумар прапанаваў звольніцца старшыням Ганцавіцкага і Столінскага райвыканкамаў
За «поўны правал першага года пяцігодкі» і «неадпаведнасць займанай пасадзе».
На пасяджэнні аблвыканкама 17 кастрычніка старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Канстанцін Сумар прапанаваў вызваліць пасады старшыням Ганцавіцкага і Столінскага райвыканкамаў, паведамляе газета «Ганцавіцкі час». Уладзіміру Столяру і Аляксею Дзямку ставіцца ў віну «правал у працы па выніках дзевяці месяцаў 2011 года ў галінах народнай гаспадаркі».
Намеснік галоўнага рэдактара «Ганцавіцкага часу» Пётр Гузаеўскі ў гутарцы з карэспандэнтам «НН» падкрэсліў, што эканамічныя і сацыяльныя праблемы рэгіёна патрабуюць тэрміновага вырашэння. Гэта беспрацоўе, імклівае скарачэнне насельніцтва, працоўная міграцыя за мяжу, найперш Расію. На думку журналіста, калі не прыняць эфектыўных захадаў, Ганцавіцкі раён можа апынуцца пад пагрозай расфарміравання.