БЕЛ Ł РУС

«Апокрыф» — вялікая прэм’ера мюзікла-прытчы да 120-годдзя М.Багдановіча

11.11.2011 / 15:19

Вялікай прэм’ерай мюзікла-прытчы «Апокрыф» кампазітара Ларысы Сімаковіч адкрыецца 9 снежня ў вялiкай канцэртнай зале Белдзяржфiлармонii ўрачыстае святкаванне 120-годдзя Максіма Багдановіча.

Прыпавесць Максіма Багдановіча набыла новае драматургічнае аблічча і ўпершыню паўстане на славутай сцэне.

«Апокрыф» — зварот-разважанне беларускага генія пра сутнасць і сэнс чалавечага існавання, пра немагчымасць жыцця без духоўнага здабытку. Гэтай канцэптуальнай ідэі паэта прытрымліваюцца стваральнікі спектакля — Нацыянальны аркестр народных інструментаў імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца, Дзяржаўны камерны хор (галоўны дырыжор Наталля Міхайлава, фальклор-тэатр «Госьціца» (кіраўнік Ларыса Сімаковіч), маладыя беларускія салісты і майстры сцэны.

Прарокі сыходзяць на зямлю тады, калі чалавек забываецца на свае галоўныя каштоўнасці. Адмераны ход жыцця народа, дзе матэрыяльнае перамагае духоўнае, парушаецца сыходам Хрыста з апосталамі на абраную зямлю.

Народ у спектаклі — кемлівы, працавіты, шчодры і наўны, не заўважае ні свайго хараства, ні сыходу прарокаў.

Хрыстос у спектаклі не мае візуальнага аблічча. Яго прысутнасць праяўляецца праз магутныя харавыя ўнісоны, гімны, звароты.

Апосталы Пётр і Юрый «суправаджаюць» Хрыста і прыносяць новае «зерне» новага мыслення: «Нашто тыя каласы, калі няма васількоў? …Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы».

Музыка — цэнтральны персанаж мюзікла, яго паэтычная дамінанта — увасабленне нацыянальнай духоўнай праграмы, якую носіць у сабе кожная таленавітая душа. Абвостранае светаадчуванне, чуйная душа Музыкі не дае загінуць гэтаму народу.

Прэм’ера мюзікла-прытчы «Апокрыф» адбудзецца 9 снежня на сцэне як знак пашаны моцнаму перакананню М.Багдановіча, што народ, які не ўсведамляе ролі духоўнага ў сваім жыцці пазбаўлены будучыні, пра тое, што «добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком».

Не пра каханне (інтэрвію на ўзлёце аўфтакта)

«Пра каханне няхай пішуць іншыя, — кажа кампазітар Ларыса Сімаковіч, — бо каханне — тэма даволі беспройгрышная і «прахадная». Але — не мая. А вось жыццё народа, нацыі, духоўны патэнцыял і лёс геніяў, паэтаў, іх нараджэнне, іх смерць, іх слугаванне народу — пафас, узяты яшчэ Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам. Гэты пафас узвышае кожнага і міжволі правакуе на конгеніяльнасць. Высокая «танальнасць» — мая танальнасць. Таму да сёлетняга дня нараджэння Максіма Багдановіча створана даволі маштабная музычная дзея «Апокрыф».

Пачатак — 19:00.

Квiткi: (+375 17) 331-16-17, (+375 17) 284-47-09

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула