БЕЛ Ł РУС

Былы пасол Польшчы: Незалежныя газеты ў Беларусі сталі арнаментам для сістэмы

17.11.2011 / 11:33

Мікола Бугай

Польскі дыпламат малюе сітуацыю ў Беларусі несуцяшальна.

У інтэрв'ю пасла Польшчы ва Украіне Генрыка Літвіна інтэрнэт-газеце «Украінская праўда» была ўзнятая і беларуская тэма. Калі карэспандэнт выдання правёў паралелі з Беларуссю, Літвін запярэчыў:

«Трэба памятаць пра вялікую розніцу паміж Украінай і Беларуссю.
Напрыклад, у Беларусі няма нават пачатковага этапу стварэння партыйнай сістэмы. Наадварот, дзяржаўная ідэалогія не прадугледжвае ролі партый. Значэнне парламента ў Беларусі і Ўкраіне немагчыма параўноўваць. Ці паглядзіце на сітуацыю ў СМІ. У Беларусі існуюць толькі дзяржаўныя СМІ, калі не лічыць інтэрнэту. А
так званыя незалежныя беларускія газеты працуюць у такіх умовах, што можна сказаць, што яны сталі толькі арнаментам для сістэмы. Тэлебачанне ў Беларусі з'яўляецца выключна дзяржаўнай прапагандай».

Пасол Літвін пасля місіі ў Мінску заняў пасаду намесніка міністра замежных спраў краіны. У гэтай якасці, у палеміцы з лідарам апазіцыі Яраславам Качынскім ён заявіў, што Польшча не мае ніякіх спосабаў уплыву на сітуацыю ў Беларусі і таму мусіць прыстасоўвацца да Лукашэнкі і ягонай палітыкі. Ён пастуляваў неабходнасць сыходзіць з пазіцыі слабасці:

«Нам патрэбны дыялог, каб не блакавалі ўсякай нашай актыўнасці» ў Беларусі. Літвін прапаноўваў цярпліва «паважаць іх [беларусаў] не заўжды цалкам для нас зразумелую адрознасць».

На пытанне карэспандэнта «Украінскай праўды», ці дыпламат зразумеў, чаму Лукашэнка стаў дыктатарам, Літвін адказаў: «Калі гаварыць пра Беларусь, трэба, перш за ўсё, убачыць тое, што афіцыйная ідэалогія Беларусі — гэта так званы «трэці шлях». Пан прэзідэнт вельмі часта кажа, што ёсць «уласны беларускі шлях», «беларуская сістэма». І яна не такая, як на Захадзе, не такая, як на Усходзе. Яна дае лепшыя магчымасці гэтай краіне. Я ўпэўнены:

няма ніякага трэцяга шляху. Трэба выбіраць паміж тым, што ёсць.
І мы ў Польшчы лічым, што для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пры ўсіх недахопах Еўрасаюза гэты выбар з'яўляецца найлепшым з магчымых. Калі ўлічыць тэхналагічныя дасягненні, сацыяльную бяспеку, эканамічную эфектыўнасць і палітычную свабоду чалавека, то ні ў якой іншай сістэме акрамя еўрапейскай мы не зможам ацаніць гэтыя крытэры вышэй».
Літвін нагадвае, што яшчэ ў 1990-м магчымасць далучэння Польшчы да ЕС і НАТО выглядала футурыстычнымі мроямі, але ўсяго праз дзесяцігоддзе стала рэальнасцю. «Еўрапейскі выбар — гэта няпростая дарога, трэба сім-тым ахвяраваць, але гэта дае добрыя эфекты і дапамагае пазітыўна змяніць дзяржаву», —
падсумаваў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула