БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка: Урад занадта захапіўся рынкавымі рэформамі

22.11.2011 / 11:50

«і спрабуе змяняць устаноўкі, якія былі прыняты на Усебеларускім народным сходзе».

Аляксандр Лукашэнка зноў папярэдзіў урад аб тым, што не дапусціць правядзення шокавых рэформ у эканоміцы краіны, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць захавання крытэрыяў, прынятых Усебеларускім народным сходам.

«Прапаноўваць тую шокавую тэрапію, якую яшчэ ў 90-я гады ўсе мы праходзілі, на чым апякліся і мы, і суседзі, сёння недапушчальна», — заявіў А. Лукашэнка ў аўторак, адкрываючы нараду, на якім разглядаюцца прапановы ўрада і Нацыянальнага банка па праектах сацыяльна-эканамічнага прагнозу, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2012 год.

«Калі тады гэтая палітыка, у нейкай меры, была даравальная, бо знаходзілася пад уплывам розных заходніх фондаў і экспертаў, [мы] даверыліся ёй, не разумеючы яе рэальных наступстваў, то цяпер нельга наступаць на тыя ж граблі», — заявіў А. Лукашэнка. Паводле яго слоў, «зараз Захад і сам апёкся, і вырашае, як утаймаваць стыхію рынку».

Лукашэнка выказаў сур’ёзную занепакоенасць тым, што «

ўрад занадта захапіўся рынкавымі рэформамі і спрабуе, мяркую, па недастатковым разуменні, змяняць палітыку і праграмныя ўстаноўкі, якія былі прыняты на апошнім Усебеларускім народным сходзе».
А. Лукашэнка папярэдзіў, што «палітыка праводзілася правільная, і ў гэтым ключы яна будзе праводзіцца». «Асноўныя крытэры гэтай палітыкі не проста вызначаны, яны выпакутаваныя,
і адыходзіць ад гэтай палітыкі нікому не дазволена»,
 — падкрэсліў ён.

Як адзначыў Лукашэнка, «нашы эканамічныя магчымасці і сучасныя ўмовы не дазваляюць дапускаць непрадуманых эксперыментаў, якія самым негатыўным чынам адбіваюцца на дабрабыце большасці народа». «Палітыка нашай дзяржавы служыла і будзе служыць людзям, і ад гэтага прынцыпу нікому не дадзена сыходзіць», — падкрэсліў А. Лукашэнка.

Ён сказаў, што яму вядома аб тым, што пасля апошняй яго размовы з урадам былі «грунтоўна перагледжаныя дакументы, унесеныя на разгляд». «Сёння патрабуецца глыбокі аналіз сітуацыі, якая склалася, каб будаваць планы не на пяску, а на рэальнай глебе», — заявіў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула