БЕЛ Ł РУС

Рымашэўскі: Калі нічога не зменіцца, давядзецца байкатаваць выбары

24.11.2011 / 10:08

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі расказаў, што абмеркаваў з нямецкімі палітыкамі планы па супрацоўніцтве і дапамозе, якую Германія можа аказаць Беларусі.
Ён лічыць, што на свабодзе былі б усе беларускія палітвязні, калі б Еўрасаюз быў больш кансалідаваны ў дачыненні да Беларусі.

— Пра што вы гаварылі з нямецкімі палітыкамі?

— Мы абмяркоўвалі планы па супрацоўніцтве і дапамозе, якую ўрад Германіі можа аказаць дэмакратычнай супольнасці Беларусі. Кіроўныя партыі ФРГ надаюць Беларусі шмат увагі. Важна, каб нашыя пазіцыі былі ўзгодненыя. Мы гаварылі пра тое, як змянілася палітычная сітуацыя ў рэспубліцы за апошнія паўгода. Пасля прыняцця новых законаў стала нашмат складаней арганізоўваць дэманстрацыі і акцыі пратэсту, ажыццяўляецца татальны кантроль за перамяшчэннямі і выказваннямі беларускіх апазіцыянераў.

— Як вы ацэньваеце ўзровень падтрымкі ФРГ дэмакратычным сілам Беларусі?

— Пазіцыя, якую заняла ФРГ, дапамагла многім арыштаваным за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года выйсці на волю. Калі б не такая прынцыповая пазіцыя Захаду, сітуацыя ў Беларусі была б нашмат горшая. Маючы зносіны з нямецкімі палітыкамі, я бачу, што іх звязвае з Беларуссю не проста палітычны інтарэс, але і асабістае спачуванне да таго, што адбываецца. Яны нястомна патрабуюць вызвалення палітвязняў.

— Аднак Лукашэнка глухі да патрабаванняў Захаду?

— Тое, што ў апошні час былі адпушчаныя на свабоду некаторыя палітвязні, якраз кажа пра тое, што Мінск Захад чуе. Калі б Еўрасаюз быў больш кансалідаваны, калі б такія палітыкі, як былы прэм’ер Італіі Сільвіа Берлусконі і літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайце не выступалі са сваімі сумнеўнымі выказваннямі, то на свабодзе былі б ужо ўсе.

— Ці могуць вызваліць палітвязняў да 19 снежня гэтага года?

— Складана рабіць прагнозы. У 2012 годзе ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары, аднак я не ўпэўнены, што да выбараў на свабоду выйдуць усе. Мы спадзяваліся, што ўсіх адпусцяць гэтай восенню і моцна расчараваныя тым, што гэтага не адбылося. Нямецкія палітыкі таксама лічаць гэта дрэнным сігналам.

— Вы не шкадуеце, што бралі ўдзел у акцыях пратэсту?

— Я быў там, дзе павінен быў быць. Што да дзеянняў апазіцыі ў цэлым, то многае можна было б зрабіць па-іншаму. Нашыя дзеянні мусілі быць больш рашучымі. Кандыдатам у прэзідэнты не ўдалося выпрацаваць адзінага сцэнару правядзення дэманстрацыі. У нас не было сумеснага плана. Пацярпелых магло б быць нашмат менш.

— Што замінала вам аб’яднацца?

— Асабістыя амбіцыі, КДБ і не зусім акрэсленая і разрозненая пазіцыя заходніх краін у дачыненні да беларускай апазіцыі падчас перадвыбарнай кампаніі. Хочацца верыць, што падчас парламенцкай перадвыбарнай кампаніі мы будзем дзейнічаць інакш. Я сам ўмоўна асуджаны на два гады, таму на выбары мяне не пусцяць. Акрамя таго, беларускія ўлады ўжо некалькі разоў адмаўлялі нашай партыі ў рэгістрацыі. Калі нічога не зменіцца, нам давядзецца байкатаваць выбары.

— Вас выпусцілі на свабоду нашмат раней за іншых зняволеных. У апазіцыйных колах не ўсе з разуменнем паставіліся да таго, што вы напісалі зварот да Лукашэнкі…

— Мой фармальны зварот з просьбай пра садзейнічанне ў маім вызваленні было кампрамісным рашэннем. Я пайшоў на гэты крок, таму што мне было важна выйсці на волю. Я не думаю, што пераступіў рысу, і нясу адказнасць за свае ўчынкі. Мы не падрыхтавалі партыю да такіх рэпрэсій. Ніхто не ведаў, што Лукашэнка так жорстка адрэагуе на нашую дэманстрацыю. Улады павінныя адказваць за рэпрэсіі. А мы павінныя адказваць за тое, што не падрыхтаваліся да рэакцыі ўладаў на мітынг і не былі гатовыя да правакацый праз няўменне дамовіцца адно з адным, сказаў Віталь Рымашэўскі ў інтэрв’ю «Нямецкай хвалі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула