БЕЛ Ł РУС

Ой, бярозы ды сосны

6.12.2011 / 13:21

МЗС вызначыла восем асноўных тэм, па якіх Беларусі «трэба сур’ёзна ствараць інфармацыйныя рэсурсы».

МЗС вызначыла восем асноўных тэм, «па якіх нам трэба сур’ёзна ствараць інфармацыйныя рэсурсы», заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, выступаючы 6 снежня ў Мінску на першай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Абарона брэндаў беларускіх вытворцаў на знешніх рынках: актуальныя праблемы і шляхі вырашэння».

Прычым, лічыць прадстаўнік МЗС, рэсурсы неабходна ствараць

«не толькі на рускай і англійскай мовах, але таксама на французскай, іспанскай, нямецкай і іншых».

Ён адзначыў, што

даследаванне аб тым, якія тэмы пра Беларусь цікавяць замежную аўдыторыю, было праведзена ў 12 пасольствах сярод амаль тысячы чалавек.
«Гэтае даследаванне нельга аднесці да сацыялагічнага, але пэўныя ўяўленні пра Беларусь яно дае», — патлумачыў Савіных.

Першая тэма, паведаміў прэс-сакратар, — гісторыя Беларусі ў сувязі з агульнаеўрапейскай гісторыяй і гісторыяй чалавецтва. «Іншаземцаў цікавіць, што адбывалася ў Беларусі, напрыклад, падчас французскай рэвалюцыі, праўлення караля Людовіка XV, часы падзення рымскай імперыі і г.д., гэта значыць сувязь з гісторыяй чалавецтва, але з акцэнтам на беларускую ідэнтычнасць, развіццё дзяржаўнасці, выдатных людзей Беларусі», — патлумачыў Савіных.

Другая тэма — культура Беларусі таксама ў сувязі з агульнаеўрапейскай культурай: мастацтва, архітэктура і г.д. «Цікавіць, якім чынам прасочваецца ўплыў глабальнай культуры як на ўсю краіну ў цэлым, так і на гістарычныя тэрытарыяльныя ўтварэнні», — адзначыў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

Трэцяя тэма — прырода Беларусі, «якая таксама выклікае вялікую цікавасць», сказаў прэс-сакратар.

Чацвёртая тэма — сацыяльная палітыка. «Найперш гэта тычыцца барацьбы з беднасцю, стаўленнем да інвалідаў, так званая сацыяльная салідарнасць, якая, на думку іншаземцаў, развіта ў большай ступені, чым у іншых краінах. Гэта вельмі цікавы аспект, які можа мець імпульс у станоўчым іміджы краіны», — мяркуе Савіных.

Пятая тэма — развіццё грамадзянскай супольнасці. «Гэтая тэма вельмі складаная і супярэчлівая, якая ўключае падтэмы:

правы чалавека, смяротная кара, грамадскія арганізацыі, СМІ,
барацьба з гандлем людзьмі, наркатрафікам і г.д.», — патлумачыў прэс-сакратар. «Па гэтай тэме Беларусі ёсць што сказаць, ёсць што паказаць свету — і вельмі пазітыўна», — сказаў ён.

Шостая тэма — развіццё навукі і інавацый. «Мы можам паказаць, наколькі краіна ў стане развіваць навуку і генерыраваць інавацыі і ўкараняць іх, гэта вельмі сур’ёзна фарміруе стаўленне да краіны», — лічыць Савіных.

Сёмая і восьмая тэмы — гэта паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, інвестыцыйны і дзелавы клімат.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула