БЕЛ Ł РУС

Бяляцкі атрымаў спецыяльную ўзнагароду МЗС Польшчы

13.12.2011 / 11:17

Алесь Бяляцкі атрымаў спецыяльную ўзнагароду міністра замежных спраў Польшчы, заснаваную для праваабаронцаў.

Як паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка, 12 снежня ў Варшаве міністр замежных спраў Радослаў Сікорскі ўручыў дыплом-узнагароду жонцы Бяляцкага Наталлі Пінчук.

Кіраўнік польскай дыпламатыі зазначыў, што ўзнагарода Алесю Бяляцкаму —

гэта сімвал падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасці і прызнання справядлівага чалавека.

«Мне хочацца, каб гэта ўзнагарода была сімвалам салідарнасці Польшчы і міру са справядлівым челавекам. Памятаю сказаныя Аляксандрам словы: „Наша краіна можа пайсці шляхам дэмакратычных зменаў або апынуцца ў стане няшчасця і глыбокага эканамічнага крызісу“. Зараз я кажу з упэўненасцю, што ў Беларусі могуць адбыцца змены. Беларусы выказалі сваю волю ўжо год таму і на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, калі была праведзена дэманстрацыя супраць фальшывых вынікаў прэзідэнцкіх выбараў», — сказаў Сікорскі.

Жонка Бяляцкага выказала ўдзячнасць за прызнанне і падтрымку.

«Гэты дыплом з’яўляецца знакам павагі да Алеся, знакам прызнання яго значнага ўнёску ў развіццё праваабарончага руху і абароны правоў чалавека.
Я б хацела выказаць словы ўдзячнасці Міністэрству замежных спраў і ўсяму польскаму народу за тую прэмію, якую прысудзілі майму мужу», — сказала Пінчук.

***

Алесь Бяляцкі — віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» — прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры).

Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых краін лічыць вынесены праваабаронцу прыгавор палітычна матываваным і патрабуе ад улад Беларусі безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага.

29 лістапада Радослаў Сікорскі заявіў, што Польшча возьме ўдзел у кампенсацыі арыштаванай маёмасці Бяляцкага.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула