БЕЛ Ł РУС

«Адлік часу ідзе нават не на дні, а на гадзіны»

19.12.2011 / 14:38

Алеся Бяляцкага адпусцяць з СІЗА развітацца з бацькам, які знаходзіцца ў цяжкім стане.

Як паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, 19 снежня суд Першамайскага раёна даў дазвол на сустрэчу. У суд было адпраўлена адпаведнае хадайніцтва сваякоў і медыцынскія дакументы, якія сведчаць пра цяжкі стан бацькі Бяляцкага.

Як паведаміў Стэфановіч, зараз жонка Бяляцкага Наталля Пінчук едзе з лістом з суда ў Жодзіне, дзе ў СІЗА ўтрымліваецца асуджаны праваабаронца. Адміністрацыя СІЗА павінна вызначыць парадак этапавання Бяляцкага, выканання мер бяспекі і г.д.

Як зазначыў Стэфановіч, бацька Бяляцкага знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, таму «адлік часу ідзе нават не на дні, а на гадзіны».

****

Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Зараз ён утрымліваецца ў следчым ізалятары Жодзіна.

Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра яго замежныя банкаўскія рахункі, перададзеная ў Мінск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе.

У будучым польскія і літоўскія ўлады папрасілі прабачэння у Бяляцкага і яго сям’і.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула