БЕЛ Ł РУС

Родныя Бяляцкага просяць ДВП адпусціць праваабаронцу на пахаванне бацькі

26.12.2011 / 11:13

Але шанцы мінімальныя, мяркуюць калегі.

Родныя Алеся Бяляцкага просяць дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС адпусціць асуджанага праваабаронцу на пахаванне яго бацькі.

Віктар Усцінавіч Бяляцкі памёр 24 снежня на 84-м годзе жыцця.

Пахаванне пройдзе 27 снежня ў Светлагорску (Гомельская вобласць),
паведаміў БелаПАН калега Бяляцкага Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, на мінулым тыдні родныя Бяляцкага прасілі адпусціць яго развітацца з паміраючым бацькам. 19 снежня суд Першамайскага раёна даў дазвол на спатканне Бяляцкага з бацькам. Аднак у следчым ізалятары Жодзіна, дзе цяпер знаходзіцца Бяляцкі, заявілі, што паперы аформлены неналежным чынам. Акрамя таго, у адміністрацыі СІЗА заявілі, што ў іх няма магчымасці канваіраваць Бяляцкага ў Мінск і арганізаваць бяспеку.

Спроба перааформіць дазвол была беспаспяховай.

ДВП і суд Першамайскага раёна жонцы Бяляцкага, Наталлі Пінчук, заявілі: у адпаведнасці з законам «асоба, якая ўтрымліваецца пад вартай, мае права на зносіны з абаронцамі, спатканне з блізкімі сваякамі і членамі сям’і ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у прызначаных для гэтых мэтаў памяшканнях месцаў утрымання пад вартай; іншага парадку прадастаўлення спаткання асобам, у дачыненні да якіх прыгавор на набыў законную моц, не прадугледжана».

24 снежня Наталля Пінчук зноў звярнулася ў ДВП. «На гэты раз — з просьбай адпусціць Бяляцкага на пахаванне бацькі», — сказаў Стэфановіч.

Шансы на станоўчае рашэнне ён лічыць мінімальнымі.

* * *

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Мінск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў рамках двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе. Потым польскія і літоўскія ўлады выказалі прабачэнні Бяляцкаму і яго сям’і.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула