БЕЛ Ł РУС

Аляксандр Рыбак гатовы напісаць песню для беларускага выканаўцы на «Еўрабачанні»

6.01.2012 / 10:01

Пераможца конкурсу «Еўрабачанне-2009», нарвежскі музыкант беларускага паходжання Аляксандр Рыбак гатовы напісаць песню для беларускага выканаўцы на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне». Пра гэта ён заявіў 5 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, адказваючы на пытанне, ці змог бы ён прадставіць на конкурсе «Еўрабачанне» Беларусь.

Паводле слоў Рыбака, ён вырашыў, што больш не будзе браць удзел у конкурсе «Еўрабачанне» як выканаўца. Аднак ён гатовы напісаць песню для «Еўрабачання», прычым не так важна, для якой краіны.

«Я гатовы ўдзельнічаць у „Еўрабачанні“ як кампазітар і ад Беларусі», — сказаў Рыбак.

Як зазначыў музыкант, яму вельмі прыемна бываць у Беларусі, «але і вельмі сорамна» — за мінулы год ён аб’ездзіў усю Еўропу, а ў Мінску апошні раз быў толькі восенню 2010 года з выступленнем на дзіцячым «Еўрабачанні». Рыбак заявіў, што хацеў бы прыязджаць у Беларусь часцей. «Мая галоўная мэта — вывучыць культуру, унікнуць у фальклорную музыку, лепш зразумець сваю радзіму», — заявіў ён.

Рыбак знаёмы з творчасцю Аляксандра Ціхановіча, Анжалікі Агурбаш, Дзмітрыя Калдуна. «Мне падабаецца, што беларускія эстрадныя артысты больш разняволеныя», — сказаў нарвежскі музыкант. Паводле яго слоў,

у Нарвегіі папулярныя выканаўцы проста стаяць з гітарай і спяваюць, а ў Беларусі вітаецца праца з сюжэтам нумара, з танцорамі, прысутнічае шоу.

Музыкант зазначыў, што апошнія гады шмат гастралюе, працуе над невялікімі сумеснымі праектамі ў Румыніі, Грэцыі, Расіі, Швецыі. Пры гэтым у кожнай з краін ён вывучае нацыянальную музыку. Апрача таго, пераможца конкурсу «Еўрабачанне-2009» вучыцца ў кансерваторыі па класе скрыпкі. У 2012 годзе ён мае намер працягваць музычныя праекты, але таксама марыць знайсці час для заняткаў віндсерфінгам. Асвоіць гэты спорт ён марыць ужо шмат гадоў, аднак з-за занятасці гэта не ўдавалася.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула