БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка прысудзіў прэміі «За духоўнае адраджэнне»

6.01.2012 / 11:03

Рашэннем Аляксандра Лукашэнкі паводле вынікаў 2011 года прысуджаны пяць прэмій прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Імі адзначаны святары, педагогі, аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Адпаведны ўказ № 5 Лукашэнка падпісаў 5 студзеня, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Сярод лаўрэатаў — архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый. Ён удастоены прэміі за значны асабісты ўнёсак у духоўнае адраджэнне Беларусі, выдавецкую, асветніцкую і дабрачынную дзейнасць.

Прэмія таксама прысуджана бацькам-выхавацелям Нясвіжскага дзіцячага дома сямейнага тыпу Ігару і Галіне Бушмакіным, якія за 20 гадоў існавання іх дзіцячага дома выхавалі 11 сірот і зараз выхоўваюць яшчэ пяцярых.

Апрача таго, прэміі ўдастоены калектыў аддзялення ранняга ўмяшання Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклінікі, які дамогся вялікіх поспехаў у стварэнні сістэмы ранняй дыягностыкі і карэкцыі маўленчых, нейрасенсорных і маторных парушэнняў у дзяцей.

У ліку лаўрэатаў таксама аўтарскі калектыў Беларускага саюза мастакоў, які стварыў унікальныя мазаікі капліцы ў гонар абраза «Знаменне Прасвятой Багародзіцы» мемарыяльнага комплексу па ўвекавечанні памяці ахвяраў Першай сусветнай вайны на месцы Мінскіх брацкіх могілак.

Прэміі ўдастоены і аўтарскі калектыў ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» (АНТ), які зняў шматсерыйны тэлефільм «Гарады-героі».

Апрача таго, Лукашэнка падпісаў указ № 6, у адпаведнасці з якім паводле вынікаў 2011 года прысуджаны дзевяць спецыяльных прэмій прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.

Імі адзначаны дзеячы мастацтва, мастацтвазнаўцы, педагогі, творчыя і музейныя калектывы за значныя дасягненні ў сферы выяўленчага, музычнага і тэатральнага мастацтва, мастацтвазнаўства, аматарскай мастацкай творчасці, музейнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі.

Прэмія прысуджана народнай артыстцы Беларусі Бэле Масумян і балерыне Кацярыне Алейнік за стварэнне высокамастацкіх вобразаў у спектаклях тэатральнага сезона 2010/2011; мастаку-графіку, заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь Генадзю Шутаву за стварэнне ўнікальных нацюрмортаў; прафесару Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народнаму артысту Беларусі Яўгену Гладкову за выбітныя поспехі ў навучанні творчай моладзі, падрыхтоўку лаўрэатаў міжнародных конкурсаў; мастацтвазнаўцу Барысу Лазуку за стварэнне манаграфій па гісторыі сусветнага выяўленчага мастацтва з даўніх часоў да XVIII стагоддзя.

Гэтай узнагародай адзначаны вялікія поспехі ў сферы музычнага мастацтва, музейнай справы і эстэтычнага выхавання ансамбля салістаў «Класік-Авангард» Беларускай дзяржаўнай філармоніі, супрацоўнікаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і калектыву рэстаўратараў Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама дзіцячага харэаграфічнага ансамбля «Зорка» Цэнтра культуры «Віцебск».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула