БЕЛ Ł РУС

Мясніковіч ляціць у Туркменістан

16.01.2012 / 09:45

Рабочы візіт прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча ў Туркменістан адбудзецца 16–17 студзеня, паведаміла прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вольга Доўгая.

Плануецца, што кіраўнік беларускага ўрада сустрэнецца з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым, а таксама намеснікамі старшыні Кабінета міністраў Туркменістана Баймыратам Хаджамухамедавым і Сапардурды Тайлыевым.

Запланавана сумеснае наведванне Міхаілам Мясніковічам і Гурбангулы Бердымухамедавым будаўнічай пляцоўкі Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Праграма візіту таксама прадугледжвае прэзентацыю перспектыўных сумесных беларуска-туркменскіх праектаў.

***

У студзені 2010 года ААТ «Белгорхімпрам» падпісала з дзяржаўным канцэрнам «Туркменхімія» кантракт на будаўніцтва беларускімі спецыялістамі пад ключ Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў магутнасцю 1,4 млн. т у год на базе Гарлыкскага радовішча калійных солей (Лебапская вобласць Туркменістана). Тэрмін рэалізацыі кантракта — пяць гадоў.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Туркменістанам за апошнія пяць гадоў вырас у 2 разы, што абумоўлена высокімі тэмпамі росту беларускага экспарту, аб’ёмы якога значна пераўзыходзяць імпарт. Двухбаковы гандаль характарызуецца для Беларусі ўстойліва дадатным сальда. Па выніках 2010 года аб’ём двухбаковага гандлю склаў $90,7 млн. і павялічыўся ў параўнанні з 2009-м на 21,1 працэнта. Экспарт вырас на 19,3 працэнта да $87,2 млн. Імпарт павялічыўся амаль у 2 разы і склаў $3,6 млн. Дадатнае сальда ў 2010 годзе склала $83,6 млн.

У студзені-лістападзе 2011 года тавараабарот дасягнуў $210,8 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010-га амаль у 3 разы. Экспарт таксама вырас у 3 разы і склаў $203,3 млн.-0-

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула