БЕЛ Ł РУС

Французскі адвакат патрабуе неадкладна арыштаваць Куляшова. «Шанцы высокія»

20.01.2012 / 09:46

МБ; паводле Франс прэс via РІА «Навіны»

абнаўляецца, дапаўняецца

Ад імя ахвяраў лукашэнкаўскага рэжыму ён вінаваціць міністра ў катаваннях.

Французскі адвакат Уільям Бурдон у чацвер падаў у Парыжы пазоў супраць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка МУС Беларусі Анатоля Куляшова, абвінавачваючы іх у катаваннях і жорсткім абыходжанні з грамадзянамі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года, паведамляе агенцтва Франс Прэс.

Бурдон сцвярджае, што ён прадстаўляе інтарэсы «ахвяраў Аляксандра Лукашэнкі і яго міністра ўнутраных спраў».

Ён падаў пазоў падчас візіту Куляшова, які ўдзельнічае ў мерапрыемстве, арганізаваным ў штаб-кватэры Інтэрпола ў Ліёне. Юрыст патрабуе, каб Куляшова неадкладна арыштавалі і змясцілі пад варту, каб ён заставаўся ў распараджэнні французскіх уладаў.

«Гэта вельмі тэрміновая справа, неабходна як мага хутчэй прыняць меры, каб правесці расследаванне і вызначыць ягогую адказнасць за ўчыненыя правапарушэнні», — гаворыцца ў скарзе адваката, які таксама накіраваў ліст міністру юстыцыі Францыі.

У снежні 2010 года Лукашэнка распачаў свой чацвёрты тэрмін у якасці прэзідэнта. Шматтысячная акцыя пратэсту была жорстка разагнаная. У зняволенні апынуліся 700 чалавек. За кратамі апынуліся практычна ўсе кандыдаты ў прэзідэнты. Да гэтага часу адбываюць пакаранне ў калоніі былыя кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы Мікалай Статкевіч і Андрэй Саннікаў, а таксама давераная асоба аднаго з кандыдатаў Зміцер Бандарэнка.

Як паведамляе Charter97.org, Бурдон дзейнічае ад імя ініцыятывы Free Belarus Now («Вызваліць Беларусь сёння»), у якую аб’ядналіся ўдава зніклага, імаверна, забітага бізнэсоўца Красоўскага, сястра зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнта Саннікава ды іншыя беларусы, што жывуць за мяжой. Паведамляецца, што гэты мэтр даўно спецыялізуецца на справах аб злачынствах супраць чалавечнасці. Ён вёў справы супраць Піначэта, Кадафі, Хабрэ, Мілошавіча. Бурдон таксама прадстаўляе сем'і некаторых французскіх вязняў амерыканскай турмы ў заліве Гуантанама (Куба).

«Шанцы, што спадара Куляшова арыштуюць, даволі высокія, і мы на гэта разлічваем», — адзначыла памочнік адваката.

Яна не сказала, чые менавіта інтарэсы прадстаўляе адвакат. Вядома толькі, што адвакат Бурдон дзейнічае ад імя пяці беларусаў. Грамадзянская ініцыятыва Free Belarus Now распаўсюдзіла заяву аб тым, што Бурдон дзейнічае ад яе імя. Ініцыятыва Free Belarus Now заснавана сем'ямі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, якія былі арыштаваны падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Мінску.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула