МУС Беларусі не каментуе інфармацыю наконт магчымага затрымання Куляшова
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі не будзе каментаваць інфармацыю аб іску французскага адваката супраць кіраўніка беларускага МУС Анатоля Куляшова. Аб гэтым БелаПАН заявілі ў міністэрстве. Пры гэтым суразмоўца паведаміў, што міністр пакуль знаходзіцца ў Францыі.
Вярнуцца ў Беларусь ён павінен сёння, 20 студзеня.
Нагадаем, напярэдадні французскі адвакат Уільям Бурдон у Парыжы падаў судовы іск супраць Анатоля Куляшова, які знаходзіцца з візітам у Францыі. Як паведаміла БелаПАН памочніца Уільяма Бурдона, кіраўніка МУС абвінавачваюць у катаваннях. Адвакат Бурдон дзейнічае ад імя пяці беларусаў. «Шансы, што спадара Куляшова арыштуюць, дастаткова высокія, і мы на гэта разлічваем», — адзначыла памочніца адваката.
Яна не сказала, чые менавіта інтарэсы прадстаўляе адвакат. Разам з тым грамадзянская ініцыятыва Free Belarus Now распаўсюдзіла заяву аб тым, што Бурдон дзейнічае ад яе імя. Ініцыятыва Free Belarus Now заснавана сем’ямі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, якія былі арыштаваныя падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Мінску.
У Францыі Куляшоў разам з кіраўнікамі Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі і ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва МУС знаходзіцца з 17 студзеня з візітам па лініі Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі — Інтэрпола. Як паведамілі БелаПАН юрысты, у гэтым выпадку ў міністра ўнутраных спраў Беларусі павінен быць імунітэт і ён не можа быць затрыманы.
Анатоль Куляшоў уключаны ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза ў сувязі з парушэннем у Беларусі стандартаў правядзення выбараў. Але візавыя санкцыі ЕС не дзейнічаюць у выпадках, калі чыноўнікі наведваюць мерапрыемствы міжнародных арганізацый. Французская віза кіраўніку МУС Беларусі выдадзена па просьбе Інтэрпола.