БЕЛ Ł РУС

Грандыёзныя планы БДУ: паветраны спарткомплекс і аэракасмічны факультэт

20.01.2012 / 12:43

14-павярховы шкляны будынак факультэта міжнародных адносінаў, надзіманы спарткомплекс і культурны цэнтр у самым цэнтры Мінска, а таксама рэканструкцыя галоўнага будынка на плошчы Незалежнасці разам з заснаваннем аэракасмічнага факультэта
 — усе гэтыя планы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт спадзяецца ажыццявіць у найбліжэйшыя чатыры гады.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ужо праз некалькі тыдняў атрымае ва ўласнасць адзін з самых прасунутых універсітэцкіх корпусаў у Беларусі — факультэт міжнародных адносінаў справіць улазіны ў будынку на Прывакзальнай плошчы ў лютым.

Па сведчаннях журналістаў, што пабывалі ў корпусе, шкляны 14-павярховы будынак мае 5 хуткасных ліфтаў, яго падлогу пакрывае мармуровая плітка, а «прасторныя холы» забітыя «мяккімі канапамі для адпачынку», з якіх адкрываецца «цудоўны від на Мінск».

А батарэі не грэюць

Але літаральна за пяць крокаў ад новага хай-тэк будынка на Прывакзальнай знаходзіцца стары галоўны корпус БДУ. Яго не рамантавалі ўжо 50 гадоў, і гэта могуць адчуць усе студэнты. Кіраўніцтва ўніверсітэта прызнае, што ў галоўным будынку нават батарэі не грэюць, а праводка гарыць ад перагрузак на сетку.

«Мы ўжо даўно перасягнулі ўсе тэхнічныя нормы», — кажа прарэктар па эканоміцы і інвестыцыях універсітэта Уладзімір Панарадаў.

Але на рэканструкцыю, у адрозненне ад выпадку са шкляным хмарачосам насупраць вакзала, грошай няма. У БДУ спадзяюцца, што нешта падкіне дзяржава. Прынамсі, па планах ужо з 2012 году рэканструкцыя галоўнага корпуса мусіць пачацца.

Іншая праблема — адсутнасць месца ў студэнцкіх інтэрнатах. Таму болей за 6 тысячаў студэнтаў БДУ вымушаныя здымаць кватэры. Нягледзячы на тое, што першы ўзведзены ў Студэнцкай вёсцы будынак дастаўся якраз БДУ, універсітэт за год страціў адразу тры інтэрнаты: адзін знеслі, другі перадалі музею, а трэці закрылі на рэканструкцыю перад чэмпіянатам свету па хакеі ў 2014 годзе. Ды і кітайскіх з туркменскімі студэнтамі трэба недзе сяліць.

Таму ў БДУ нецярпліва чакаюць сканчэння будаўніцтва яшчэ аднаго інтэрната ў Студвёсцы.

Надзіманы спарткомплекс і аэракасмічны факультэт

Але ўніверсітэт выдаткоўвае грошы на іншыя праекты. Напрыклад, на будоўлю яшчэ двух спарткомлексаў.

Па словах прарэктара Уладзіміра Панарадава, ужо праз некалькі гадоў у мінскім раёне Шчомысліца з’явіцца распрацаваны ў БДУ паветраапорны (надзіманы) спарткомплекс з гульнявымі заламі і стадыёнам на адкрытым паветры. Дадатковы культурна-спартыўны цэнтр для студэнтаў БДУ са спартзалай, бібліятэкай і сталоўкай можа з’явіцца ў самым цэнтры Мінска.

Яшчэ адзін арыгінальны праект БДУ — адкрыццё аэракасмічнага факультэта. Праз некалькі месяцаў Беларусь ажыццявіць другую спробу стаць касмічнай дзяржавай, запусціўшы на расійскай ракеце айчынны спадарожнік. Але, як высвятляецца, працаваць з дадзенымі спадарожнікамі асабліва няма каму.

«Патрэбныя спецыялісты, якія апрацоўвалі б спадарожнікавую інфармацыю. Прычым гэта пытанне не заўтрашняга дня, — кажа прарэктар. Па яго словах, краіне моцна не хапае аэракасмічнага факультэта, які б мог адкрыцца якраз у БДУ. — Ужо сёння можна прымаць і апрацоўваць дадзеныя са спадарожнікаў іншых краін. Таму калі мы запусцім свой спадарожнік, то зможам не толькі атрымліваць інфармацыю, але і прадаваць яе», — мяркуе галоўны спецыяліст па эканоміцы БДУ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула