БЕЛ Ł РУС

ЕАБР прагназуе пастаяннае зніжэнне тэмпаў росту ВУП Беларусі

25.01.2012 / 13:05

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) прагназуе значнае зніжэнне тэмпаў росту ВУП Беларусі ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні «Комплексная ацэнка макраэканамічнага эфекту розных форм глыбокага эканамічнага супрацоўніцтва Украіны з краінамі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы ў межах ЕўрАзЭС», апублікаваным на сайце ЕАБР.

«Тэмпы росту ВУП Беларусі пачнуць значна запавольвацца ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве (з 4,7% да 2,6%). Адной з прычын гэтага стане немагчымасць далейшага нарошчвання выпуску на састарэлых вытворчых магутнасцях, а таксама зніжэнне канкурэнтаздольнасці беларускай прамысловасці на фоне росту цэн на ключавыя віды расходаў», — гаворыцца ў даследаванні.

Паводле меркавання яго аўтараў, з прычыны высокай залежнасці эканомікі Беларусі ад імпартных энергарэсурсаў «немагчыма гаварыць пра рост канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі без вырашэння задачы энергаэфектыўнасці».

Паводле разлікаў Інстытута народнагаспадарчага прагназавання Расійскай акадэміі навук, якія прыводзяцца ў даследаванні, у 2011–2015 гадах сярэднегадавыя тэмпы росту ВУП складуць у Беларусі 4,7%, у наступнай пяцігодцы (2016–2020 гады) — 2,6% і яшчэ больш замарудзяцца ў 2021–2025 гады, да 2,3%.

Нагадаем, што на 2012 год беларускія ўлады зацвердзілі прагноз, які прадугледжвае рост ВУП на ўзроўні 5–5,5%. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011–2015 гады прадугледжвае, што за пяцігодку ВУП Беларусі вырасце на 62–68%. Выкананне дадзенай праграмы прадугледжвае, што штогадовы рост ВУП Беларусі павінен складаць прыкладна 10%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула