БЕЛ Ł РУС

Чырвоны Крыж у Гомелі накарміў і абагрэў за дзень 50 бяздомных

3.02.2012 / 09:30

Гомельская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) праводзіць акцыю па забеспячэнні ежай і цёплым адзеннем бяздомных гараджан. Акцыя «Разам у імя гуманнасці» стартавала ў сувязі з моцнымі маразамі, што ўсталяваліся ў Беларусі.

2 лютага супрацоўнікі БТЧК зрабілі рэйд па горадзе. Асоб без пэўнага месца жыхарства шукалі ў месцах іх звычайнага знаходжання — каля пунктаў прыёму другаснай сыравіны, кантэйнераў для смецця, на палігоне бытавых адходаў.

Бяздомным выдавалі сухі паёк (макароны, кансервы, пячэнне), паілі гарачай гарбатай і кармілі вермішэллю хуткага прыгатавання, выдавалі цёплае адзенне. Усяго дапамогу атрымалі 50 чалавек. Прадстаўнікі БТЧК таксама праінфармавалі бяздомных пра месца і час чарговай сустрэчы. Акцыя будзе працягвацца штодня, пакуль не аслабнуць маразы.

Акрамя матэрыяльнай дапамогі супрацоўнікі Чырвонага Крыжа дапамаглі адной жанчыне знайсці зніклага сваяка. Яны адшукалі яго праз бюро няшчасных выпадкаў: высветлілася, што мужчына трапіў у бальніцу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула