Радыё «Голас Амерыкі» выбачылася за публікацыю фальшывага інтэрв'ю з Навальным
Радыёстанцыя «Голас Амерыкі» папрасіла прабачэння за публікацыю фальшывага інтэрв’ю з расійскім апазіцыянерам Аляксеем Навальным.
«У аўторак 31 студзеня расійская служба „Голасу Амерыкі“ апублікавала матэрыял, у якім, як мы лічылі на той момант, утрымлівалася інтэрв’ю з Аляксеем Навальным. На наступны дзень спадар Навальны заявіў, што ён гэтага інтэрв’ю не даваў… Мы прыносім спадару Навальнаму і нашай аўдыторыі шчырыя прабачэнні», — гаворыцца ў заяве на сайце радыёстанцыі.
«У эпоху медыйнага ландшафту, які хутка змяняецца, тыя метады верыфікацыі, якія раней здаваліся дастатковымі, сёння могуць выявіцца састарэлымі. Мы зробім належныя высновы з гэтага інцыдэнту, умацаваўшы рэдакцыйныя стандарты і ўвёўшы дадатковыя меры праверкі крыніц інфармацыі», — сказана ў заяве.
Днём раней Навальны абвінаваціў «Голас Амерыкі» ў тым, што радыёстанцыя апублікавала на сайце тэкст інтэрв’ю, якога ён не даваў.