Тэхналёгіі ўзьдзеяньня на сьвядомасьць
«Сёньня мы спакойна бачым на прылаўках малако, мяса, масла, тлушчы і так далей»: палітоляг Павал Вусаў раскрывае тэхналёгіі ўзьдзеяньня на сьвядомасьць на прыкладзе адной з прамоваў Аляксандра Лукашэнкі.
Фота Андрэя Лянкевіча
- Прыйшлі ў палітыку, хочаце стаць прэзыдэнтам - вядзіце сумленную барацьбу.
Аляксандар Лукашэнка
Нягледзячы на ўзмацненьне цэнзуры, звужэньне альтэрнатыўнага інфармацыйнага поля і стэрылізацыі афіцыйных СМІ, апошнія, тым ня менш, прыцягваюць увагу з боку простых чытачоў і спэцыялістаў у вобласьці сацыяльнай і палітычнай камунікацыі. З аднаго боку, яна проста перапоўнена патаснымі артыкуламі, якія ўсхваляюць беларускага кіраўніка і выпрацаваную ім палітычную і эканамічную мадэль разьвіцьця. З другога — нават яна ня ў стане схаваць аб’ектыўных сацыяльных і палітычных супярэчнасьцяў у грамадзтве. Спрабуючы закамуфляваць канфлікты і супярэчнасьці прыгожымі словамі, яна прымушае ўважлівага чытача зьвярнуць на сябе ўвагу. Гэта тычыць злачыннасьці, карупцыі, прастытуцыі, наркатрафіку. Адна газэта піша пра посьпехі ў вобласьці антыкарупцыйнай праграмы, як тут жа ў навінах паведамляюць, што арыштаваны намесьнік дырэктара за буйны хабар. Ствараецца ўражаньне, што чым больш саджаюць і арыштоўваюць, тым больш даюць і бяруць.
Хацелася б зьвярнуць увагу на разлогі артыкул «Дзяржава — для людзей» — друкаваны варыянт інтэрвію прэзыдэнта тэлеканалам («Беларусь сегодня», 31 студзеня). Гэты артыкул утрымлівае ня толькі погляды А.Лукашэнкі на палітыку, будучыя выбары, жыцьцё беларускіх грамадзянаў, апазыцыю, але і акрэсьлівае культурны пласт кіраўнічай эліты і часткі беларускага грамадзтва. У публікацыі ўтрымліваецца шэраг палітычных тэхналёгій, якія былі прымененыя для ўнушэньня чытачам неабходных меркаваньняў на палітычную і сацыяльную рэчаіснасьць. Асобныя меркаваньні прэзыдэнта вартыя таго, каб увайсьці ў гісторыю палітычнай думкі.
Першым маніпуляцыйным крокам зьяўляецца падзагаловак артыкулу «Інтэрвію прэзыдэнта беларускім тэлеканалам». Хоць у ім ня ўказана ні прозьвішча, ні імя таго, хто ёсьць гэтым прэзыдэнтам, аднак усім адразу становіцца ясна, хто гэты чалавек. У сьвядомасьці большасьці беларусаў прэзыдэнт асацыюецца толькі і выключна з А.Лукашэнкам. Здаецца, што гэта слова стала ўжо ў нашым грамадзтве імем собскім і кладзецца ў наступную формулу: Лукашэнка — гэта прэзыдэнт, прэзыдэнт — гэта Лукашэнка. Таму бігборды пра выбары дакладна ўпісваюцца ў гэтую формулу: «Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», падтэкст — «выбары А.Лукашэнкі». Цікава, ці не супярэчыць гэта выбарчаму кодэксу?
Апроч таго, лёгіка артыкулу выбудавана такім чынам, што, прайшоўшы церазь яркую карціну, што паказвае вялікія дасягненьні ўлады, гнюснасьць і хцівасьць ейных апанэнтаў, чытач устае перад неаспрэчным фактам, які агучыў сам А.Лукашэнка: «прадэманстраваць ў гэтую перадвыбарчую кампанію людзям, што нармальны ў іх прэзыдэнт. Не патрэбны нам іншы прэзыдэнт».
Паміж прэзыдэнтам і мэсіяй
Кожны ведае казку «Пра рыбака і залатую рыбку», калі злая старая заявіла, што ня хоча быць стаўбавою дваранкаю, а хоча быць уладаркай марскою. Напэўна, А.Лукашэнку пінжак прэзыдэнта стаў малы, і ён пачынае прымерваць плашч мэсіі. Матыў мэсіянства вельмі часта ўжываўся ў стварэньні і ўкараненьні недэмакратычных ідэалёгій, якія сьцьвярджалі, што жыцьцё цэлага народу залежыць ад волі аднаго кіраўніка, а лёс краіны — неразрыўна зьнітаваны зь лёсам правадыра. Прычым прыход гэтага кіраўніка прымае форму боскага дару для народу. Так было ў КНР, СССР, нацысцкай Нямеччыне і фашысцкай Італіі. Важна адзначыць, што паступова грамадзкая легітымізацыя перастае мець якое-кольвек значэньне, так як кіраўнік становіцца памазанцам Божым і толькі воляю самога Бога, а не народу можа быць зьняты.
Жаданьне наблізіцца да боства сьвядома ці не, але адлюстраванае ў выказваньнях А.Лукашэнкі. «Але нас Госпад, напэўна, упаўнаважыў рабіць гэтую вялікую справу». Ці: «Вось кажуць Лукашэнка — дыктатар. Гэта ад чаго? Бо Лукашэнка часта бярэ на сябе тыя праблемы, якімі павінны займацца іншыя людзі». У іншым месцы: «Ён (прэзыдэнт. — П.В.) змагаецца з тымі злыбедамі, няшчасьцямі, якія так ці інакш аб’ектыўна могуць абрынуцца на нашу краіну. Вось, калі ласка, стыхія. Я змагаюся супраць гэтых стыхій, каб захаваць нашых людзей». Ідучы ўсьлед лёгіцы гэтых выказваньняў, можна зрабіць выснову, што нашае грамадзтва бездапаможнае і слабае, і яно загіне, калі ня будзе гэтага абаронцы. Аднак уявім, што сёньняшні прэзыдэнт — гэта дабро для беларусаў, клапатлівы і сумленны, моцны і справядлівы, вымушаны супраціўляцца усім, каб абараніць свой народ. Гэта значыць, што ўся палітычная і эканамічная сыстэма, якая функцыянуе ў краіне толькі дзякуючы прэзыдэнту, стане недзеяздольная ў выпадку, калі зь ім, крый Божа, нешта здарыцца. Усе палітычныя рэжымы і сыстэмы, што абапіраліся на аўтарытэт асобы, а не на сацыяльныя і палітычныя інстытуты, гінулі пасьля сыходу той ці іншай асобы, пасьля чаго грамадзтва трапляла ў цяжкі палітычны і эканамічны крызіс, а часам гінулі цэлыя нацыі, дзяржавы і цывілізацыі. І Лукашэнка ня вечны, у выніку, грамадзтва, звыклае да таго, што пра яго клапоцяцца, што ёсьць рука, што дае і карае, грамадзтва, што адвыкла ад самаарганізацыі і самакіраваньня, якое ня ўмее нічога рабіць без указаньняў зьверху, ня ў стане будзе кіраваць дзяржавай, апынецца ў палітычным і эканамічным хаосе, у якім яно апынулася на пачатку 1990-х. Тыя сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя язвы, якія ўзмоцнена хаваюцца, атакуюць увесь сацыяльны арганізм і могуць прывесьці да ягонай гібелі. Цікава, ці думаў прэзыдэнт пра тое, як будзе жыць ягоны народ, калі адбудзецца зьмена ўлады? Ці ён кіруецца прынцыпам Люі ХV: «Пасьля мяне хоць патоп». Сыстэма, што створана, — гэта сыстэма Лукашэнкі, а не сыстэма беларускага грамадзтва, яна сыдзе разам зь ім. А з чым застанецца грамадзтва?
Мы і яны
У кантэкст палітычнага мэсіянства і сацыяльна-палітычнай мадэлі дакладна кладзецца прынцып сацыяльнага водапазьдзелу «мы» і «яны». Ён дакладна акрэсьлены А.Лукашэнкам. Прычым панятак «яны» ў яго выступе набывае форму таго Мы, пра якое пісаў Замяцін. Адмысловы псыхалягічны і сацыяльны стан, у якім сьціраецца «я» і няма месца для «яны», дзе пануе прынцып «хто ня з намі, той супраць нас».
Аналізуючы выступ Лукашэнкі, можна меркаваць, што ў большасьці выпадкаў займеньнік «мы» замяняе «я».
Напрыклад, на пытаньне А.Зімоўскага: «Ёсьць штамп: Крэмль — вам падтрымку, вы ім — уласнасьць дзяржаўную. Ці яшчэ адзін: вы ім усё ўжо аддалі, потым высьвятляецца, што не аддалі…» — Лукашэнка адказвае: «...Мы нічога не аддалі і аддаваць ня маем намеру. Я за сьпінай у вас, у свайго народу нічога такога не рабіў».
Апроч таго ў гэтым артыкуле займеньнік «мы» часьцяком адначасова ўключае ў сябе розныя сацыяльныя і палітычныя суб’екты, пачынаючы ад прэзыдэнта і палітычнай улады, заканчваючы народам у цэлым. З гэтай жа прычыны абагульненьне многіх суб’ектаў, прыданьне ім формы «мы» часам абцяжарвае разуменьне таго, пра што канкрэтна гаворыць Лукашэнка. Так, напрыклад, крытыкуючы апазыцыю, Лукашэнка, кажа: «Але ці гэта нармальныя людзі, ці гэта нармальная апазыцыя? Мы ж ужо разумныя людзі, мы ўжо не зусім «маладыя», як былі раней. Мы разумеем, чаго яны хочуць. Таму мы ім падарункаў рабіць не намерваемся». Іншая цытата: «Мы толькі чатыры-пяць гадоў таму пачалі сыстэмна працаваць».
Даючы ацэнку гэтым і аналягічным выказваньням, можна меркаваць, што ўлада ў Беларусі перастала быць нечым аб’ектыўным, што стаіць па-за жаданьнямі, эмоцыямі суб’екту, яна цалкам зьлілася зь ім. Адбылося мэнтальнае і рэальнае зрастаньне катэгорыі «ўлады» і ўласнага «я». «Я» прэзыдэнта ня мысьліць і не ўяўляе сябе па-за ўладай. Выйшла формула: «я» — гэта ўлада, улада — гэта «я». Таму дзеяньні ўлады — гэта мае дзеяньні, і наадварот.
Што датычыць самой катэгорыі «мы», то з аднаго боку — гэта спрашчэньне рэчаіснасьці, з другога боку — працяг працэсу сацыяльнай ідэнтыфікацыі з прэзыдэнтам. «Мы захавалі краіну. Сёньня мы спакойна бачым на прылаўках малако, мяса, масла, тлушчы і так далей».
«Мы» — бязьлікая і абстрактная зьява. Няма ні беларусаў, ні грамадзтва, ні індывіда. Ёсьць толькі «мы», што жывуць аднымі думкамі, якія ня могуць быць аспрэчаныя і ня могуць быць не прынятыя. «мы» — гэта абсалютнае дабро, па-за намі іншага дабра не існуе. Мы мусім будаваць сваё жыцьцё так, як «мы» гэтага хочам. Вынікі з таго, што кажа прэзыдэнт: «жыцьцё ідзе сваёй чарадой: мы будзем сеяць хлеб, расьціць дзяцей, мы будзем убіраць гэты хлеб, карміць сваіх дзяцей і самі будзем нармальна жыць» — грамадзтва павінна абмяжоўвацца толькі сваімі фізіялягічнымі патрэбамі і кіравацца традыцыйным ўспрыняцьцем сьвету. Прычым зь сьвядомасьці «Мы» няўмольна выкараняецца такі тэрмін, як свабода. Ні разу на працягу свайго выступу прэзыдэнт не сказаў слова свабода, свабоднае грамадзтва, свабодная краіна. Відаць, падсьвядома ён і журналісты разумеюць, што краіна несвабодная. Ды пачуцьце свабоды характэрнае індывіду, а ня масе, не для «мы». Такая ёсьць філязофія «мы», а тыя, хто не ўспрымае гэтай філязофіі, безальтэрнатыўна адносяцца да другіх, да тых, каго прэзыдэнт называе «яны». Панятак «яны» ўлучае ў сябе ўсе нэгатыўныя зьявы сацыяльнага жыцьця, так званае сацыяльнае зло. «Яны» — гэта апазыцыя, што процістаіць «мы» і нармальнаму «жыцьцю». Яны хочуць болей, чым проста сеяць хлеб. «Яны што, разьлічваюць, што народ беларускі за іх прагаласуе, калі яны робяць паскудзтвы гэтаму народу? Ну, прабачце, поўныя адмарозкі!» «Вось яны і кажуць. Калі б яны гэтага не казалі, ім бы не далі грошай. Таму за тое, што яны кажуць, ім плацяць». Катэгорыя «яны» таксама не патрабуе канкрэтызацыі, і так зразумела — гэта чужыя, ворагі, не свае, і ня важна, хто яны насамрэч. Тут дзейнічае формула «яны ворагі, бо яны ворагі». Навошта даводзіць адваротнае? А ворагаў трэба зьнішчаць.
«Яны» — гэта дурні, адмарозкі, здраднікі, хлусы, сацыяльныя ўтрыманцы. Яны не разумеюць, што адзінае дабро для краіны — гэта А.Лукашэнка. «Але вы ведаеце, што сярод апазыцыі ня так ужо і шмат людзей, якія падтрымліваюць іншых кандыдатаў. Ну, дурняў жа няшмат». Хочацца сказаць А.Лукашэнку, што ў ліку гэтых дурняў шмат цудоўных прадстаўнікоў беларускага грамадзтва — лекараў, настаўнікаў, акадэмікаў, бізнэсоўцаў, палітыкаў, маці і бацькаў, якія пакуль маўчаць, бо вы правільна адзначылі: «у іх жа дзеці, у іх сем’і, яны жывуць у гэтым грамадзтве, а за мяжу ня ўсе зьбягуць». Хоць нават паводле зьвестак БТ (праграма «Наши новости», ОНТ, 31.01.2006) 64 тыс. грамадзянаў Беларусі пакінулі гэту краіну толькі ў 2005 г. Магчыма, вельмі хутка ў гэтай краіне не застанецца ніводнага дурня.
У цэлым жа публікацыя поўніцца дакладнымі і канкрэтнымі ўстаноўкамі і для грамадзянаў (як і за каго галасаваць), і для прадстаўнікоў улады (як і што рабіць, каб людзі прагаласавалі). Часам сумленнасьць, шчырасьць прэзыдэнта ўражвае. «Яны (апазыцыя) крычаць: Лукашэнка замінае зьбіраць подпісы. Мы наадварот будзем ім дапамагаць зьбіраць гэтыя подпісы, каб яны выйшлі на прэзыдэнцкія выбары...» Цікава ведаць, для чаго і каму ўлады дапамагалі зьбіраць подпісы? Можа, яны і ксэракопіі для некаторых кандыдатаў ад апазыцыі рабілі?
❏
Павал Вусаў (Магілёў) — палітоляг, былы выкладнік Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова. Быў вымушаны звольніцца пад палітычным ціскам.