БЕЛ Ł РУС

У Гомелі праваслаўныя просяць адмяніць паказ рок-оперы «Ісус Хрыстос — суперзорка»

13.02.2012 / 17:13

На мінулым тыдні пратэставалі магілёўскія праваслаўныя.

Гомельская епархія Беларускай праваслаўнай царквы 13 лютага накіравала лісты ў Гомельскі аблвыканкам і гарвыканкам, а таксама ва ўпраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама з просьбай адмяніць паказ у Гомелі рок-оперы «Ісус Хрыстос — суперзорка».

Як паведамілі ў Гомельскім епархіяльным упраўленні, пад зваротамі падпісаліся ўладыка Арыстарх і іншыя святары. Найбліжэйшым часам у праваслаўных прыходах Гомеля пройдзе збор подпісаў сярод вернікаў за адмену канцэрта.

У епархіяльным упраўленні адзначылі, што паказ оперы запланаваны на 4 сакавіка — першую нядзелю Вялікага паста, а паколькі ў спектаклі скажаюцца біблейскія падзеі, ён можа зняважыць пачуцці праваслаўных вернікаў. Таксама ва ўпраўленні выказалі шкадаванне, што пры планаванні падобных выступленняў не ўлічваецца меркаванне царквы. У епархіі выказалі надзею, што ўлады паставяцца да просьбы з разуменнем і адменяць выступленне. Дарэчы, амаль усе білеты на рок-оперу ў Гомелі раскупленыя.

Нагадаем, у Магілёве мясцовыя ўлады забаранілі паказ оперы ў сувязі з пратэстам мясцовых праваслаўных вернікаў. Замест адмененага спектакля ў Магілёве пакажуць рок-оперу «Арфей і Эўрыдыка».

Арганізатары паказу спектакля «Ісус Хрыстос — суперзорка» сцвярджаюць, што Санкт-Пецярбургскі тэатр «Рок-опера» ствараў сваю версію спектакля пад апекай праваслаўнай царквы, многія абароты тэксту ўзятыя з Евангелля амаль даслоўна, а выканаўца ролі Хрыста Уладзімір Дзядзеністаў атрымаў благаславенне святара на гэтую ролю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула