БЕЛ Ł РУС

Афіцыйна: рэальны памер пенсій зменшыўся на 23%

20.02.2012 / 10:13

Сярэдні памер пенсій па ўзросце ў студзені склаў 973,7 тыс. рублёў.

У студзені 2012 г. рэальны памер пенсій, разлічаны з улікам інфляцыі, паменшыўся на 23,3% у параўнанні са студзенем 2011-га і на 1,9% — у параўнанні са снежнем. Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Сярэдні памер пенсій па ўзросце ў студзені 2012 года склаў 973,7 тыс. рублёў, па інваліднасці — 871,7 тыс., з прычыны страты карміцеля — 633,9 тыс. рублёў, сацыяльных пенсій — 530,8 тыс. рублёў.

У гэты перыяд на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне знаходзілася 2 млн. 486,9 тыс. пенсіянераў.

Сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 940,4 тыс. рублёў,
што ў два разы перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму для пенсіянераў.

На прэс-канферэнцыі 4 студзеня намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва заявіла: у 2012 годзе пенсіі будуць павышацца з улікам фінансавых магчымасцяў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, дзяржавы і з улікам росту даходаў работнікаў.

Яна падкрэсліла, што ў 2011 годзе пенсіі выплачваліся ў поўным памеры і своечасова. Было праведзена 3 пераразлікі працоўных пенсій, заснаваных на росце сярэдняга заробку, павышаліся мінімальныя і сацыяльныя пенсіі і надбаўкі да пенсій у сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму.

«У 2012 годзе захаваецца сацыяльная накіраванасць пенсійнай палітыкі», — запэўніла намеснік міністра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула