Алкаеў пра «нахіленне» і «блакітных»
Я наагул не разумею, навошта прэзідэнту гэта на сябе прымяраць -- мяне хочуць, мяне хочуць.
У апошнія гады ў прамовах кіраўніка дзяржавы нярэдка гучаць выразы «нас не нахіляць, нас хочуць нахіліць», што з’яўляецца эўфемізмам гомасэксуальнага згвалтавання.
На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка, гаворачы пра міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле, заявіў: «Лепш быць дыктатарам, чым «блакітным».Гэта не першая заява Аляксандра Лукашэнкі такога кшталту на адрас нямецкага міністра — адкрытага гея.
Мала палітыкаў у свеце, якія ўжываюць такую лексіку і кранаюць такую тэматыку. У чым карані гэтага шырокага выкарыстання ў палітычным лексіконе падобнай тэматыкі?З гэтым пытаннем мы зьвярнуліся да палітэмігранта, былога начальніка ізалятара № 1 МУС Беларусі Алега Алкаева.
Алкаеў: Я ня ведаю,
магчыма Лукашэнка хоча быць найбольш даходлівым да нашых грамадзянаў,сярод якіх працэнтаў 50 ці самі ці іх сваякі сядзелі ў турмах.
Такі лексікон, зразумела, непрымальны для такога ўзроўню.Тым больш што ў Нямеччыне гэтым нікога не пакрыўдзіш. Тут да гэтага абсалютна спакойнае стаўленне. Напачатку гэта выклікала здзіўленне, але ўсе прызвычайваюцца да таго, што нетрадыцыйныя сэксуальныя арыентацыі прымальныя. Тут цярпіма ставяцца да гэтых пытаньняў. Тут
у Лукашэнкі быў відавочны намер пакрыўдзіць і прынізіць.
Дракахруст: У крымінальнай культуры — і ў культуры карпарацыі сілавікоў — наколькі згвалтаваны мужчына ці гей лічыцца ізгоем, асобай, якая знаходзіцца ў самым нізе іерархіі?
Алкаеў:
У крымінальным свеце гэта абсалютна так. Калі чалавек быў пасіўным партнёрам у сэксуальным кантакце — па згодзе ці без згоды — ён безагаворачна апынаецца ў самым нізе, без права голасуі нават без права сядзець за адным сталом з «нармальнымі» людзьмі. Але гэта чыста крымінальная культура. Яна і ў ЗША такая, і ў Нямеччыне, і ў нашым знакамітым Гулагу.
Дракахруст: А
наколькі гэтае размеркаванне роляў, статусаў засвойваюць прадстаўнікі сілавых структур — МУС, КДБ, наколькі яны прасякаюцца культурай тых, каго яны ловяць і ахоўваюць?
Алкаеў: Гэта даволі моцна ўплывае. Мы камунікуем падчас службы з усёй катэгорыяй, нягледзячы на статусы.
Напрыклад, не прынята вітацца за руку з асуджанымі. Не таму, што гэта забаронена. А таму, што ты не ведаеш, хто перад табой, а раптам ты павітаўся за руку з «апушчаным».І тады няважна, хто ты — лейтэнант, палкоўнік ці генерал — ты губляеш аўтарытэт у вачах іншых асуджаных. Таму лепш ні з кім не вітацца за руку і гэтае правіла захоўваецца.
Дракахруст: А
як вы мяркуеце — адкуль гэта ў Лукашэнкі?Ён не сядзеў. Да таго ж, здаецца, гэтая тэрміналогія — наконт «нахіляць», «нагнуць» — узнікла ў яго прамовах некалькі гадоў таму, раней ён так не гаварыў.
Можа, нейкія новыя людзі ўзніклі побач з ім?
Алкаеў: Я таксама звярнуў увагу на тое, што ў яго ўзнікла такая лексіка.
Не ведаю чаму — можа да псіхіятраў трэба звярнуцца, каб яны высновы зрабілі. Я сам валодаю гэтай тэрміналогіяй, але ніколі яе не выкарыстоўваю —«нахіляць» і іншае. На мяне паглядзелі б, як на вар’ята, маўляў, чаго ты такія параўнанні прыводзіш? Яны для мяне асабіста абразлівыя.
Дракахруст: А наколькі такая лексіка прынятая ў размовах паміж сабой афіцэраў праваахоўных органаў?
Алкаеў: Не, не прынятая.
Публічна ад афіцэра МУС вы такое ніколі не пачуеце.Гэта непрымальна.
Можа, нешта памянялася за 10 гадоў, але калі я служыў, такая лексіка ў публічным абароце не віталася.
Там да гэтага сур’ёзна ставяцца. І ня трэба прымяраць на сябе тэму, хваравітую для многіх людзей, якія сталі ахвярамі гвалту.
Я наагул не разумею, навошта прэзідэнту гэта на сябе прымяраць — мяне хочуць, мяне хочуць. Хіба прыгажун такі ці што?