Латвія заклікае да перагляду санкцый супраць Беларусі
«Ад цяперашняй абранай мадэлі пацерпяць найперш латвійскія прадпрымальнікі».
Старшыня камісіі па замежных справах Сейма Латвіі Оярс Калнынш заявіў, што ЕС неабходна рэагаваць на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, аднак, усе гэтыя крокі павінны быць добра прадуманымі і сапраўды эфектыўнымі.
Ад цяперашняй абранай мадэлі пацерпяць найперш латвійскія прадпрымальнікі, аднак у ніякім разе рэжым Лукашэнкі, перадаюць словы Калнынша латыскія СМІ.
Сваю пазіцыю Калнынш выклаў падчас нарады парламенцкіх камісій па замежных справах краінаў ЕС, якая праходзіла 11 і 12 сакавіка ў Капенгагене з удзелам міністра замежных спраў Даніі Вілі Сэўндала і вярхоўнай прадстаўніцы ЕС па замежных справах Кэтрын Эштан.
«Падчас дыскусій я заклікаў да рэструктурызацыі эканамічных санкцый, каб яны сапраўды працавалі і падштурхоўвалі Лукашэнку змяніць сваю палітыку, а не аказвалі негатыўнага ўплыву толькі на эканамічныя інтарэсы нашай краіны», — адзначыў Калнынш.
Паводле словаў старшыні камісіі сейма Латвіі, падчас размовы з дацкім міністрам і вярхоўнай прадстаўніцай ЕС ён падкрэсліў, што «неабходна рабіць усё, каб Беларусь вызваліла палітвязняў і выконвала правы чалавека». Цяперашнія ж санкцыі Брусэлю, мяркуе Калнынш, выглядаюць вельмі вузкімі, да таго ж «яны ніколі ня будуць працаваць эфэктыўна, пакуль Мінск будзе мець падтрымку Масквы.