БЕЛ Ł РУС

Алена Каваленка: Ён увесь час ляжыць - відэа

20.03.2012 / 10:16

Медыкі Рэспубліканскай турэмнай бальніцы характарызуюць стан здароўя актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі, які трымае галадоўку, як сярэдняй ступені цяжкасці. Пра гэта БелаПАН паведамілі жонка асуджанага Алена Каваленка і яго брат Віталь.

«Стан здароўя Сяргея блізкі да крытычнага, — лічыць Віталь. — 

Тэмпература ў яго сёння была 35,1, ціск — 80 на 50. Ён практычна ўвесь час ляжыць — да нас (я быў у бальніцы з сынам Сяргея Валікам) спусціўся, сабраўшы апошнія сілы.
Ён расказаў, што апошнія два дні — суботу і нядзелю — яго проста абколваюць уколамі, пасля якіх яму стала значна горш. Баляць ныркі, іншыя органы, пазваночнік. Пры ін’екцыях у камеры прысутнічаюць восем міліцыянераў, якія прывязваюць яго да ложка. Калі працэдура завяршаецца, зняволены, які сядзіць з ім у камеры, развязвае бінты. Уводзяць фізіялагічныя растворы, глюкозу, іншыя не вядомыя яму прэпараты.

Калі Сяргей сёння раніцай прачынаўся, ён скрозь сон чуў, як адзін з міліцыянераў гаварыў яго сакамерніку: „Скажаш на судзе, што Каваленка з табой еў“. Думаю, гэта робіцца для таго, каб, у выпадку, калі Сяргей памрэ, яны б знялі з сябе віну за гэта».

Паводле слоў брата актывіста, Сяргей здзіўляецца, чаму КХП-БНФ не правяла ніводнай акцыі ў яго падтрымку каля СІЗА № 1.

Як адзначыла жонка Сяргея Каваленкі Алена, яго стан здароўя больш цяжкі, чым гавораць урачы. «У яго пачаліся змяненні ў нырках, у печані, — гаворыць яна. — Ужо ясна, што ратаваць яны яго не хочуць».

Алена Каваленка паведаміла, што адправіла зварот з просьбай дапамагчы выратаваць мужа патрыярху Кірылу, падрыхтавала ліст да папы рымскага Бенедыкта XVI і відэазварот да палітыкаў і грамадскасці Еўрасаюза і ЗША.
«Чалавек ні ў чым не вінаваты, — пераканана Алена. — Ён займаўся прапагандай беларускай ідэі, сапраўдных гістарычных каштоўнасцяў — толькі з-за гэтага мучыцца сёння».

Паводле слоў Віталя Каваленкі, Сяргей атрымлівае па 5–10 паштовак у дзень з заклікамі спыніць галадоўку. Аднак папрасіў усіх, каб такіх паштовак яму больш не дасылалі —

ён будзе галадаць датуль, пакуль яго не перавядуць пад хатні арышт. Толькі тады ён пачне выходзіць з галадоўкі.
Ён не давярае турэмным урачам і хоча, каб яго лячыла жонка.

Многія грамадзяне Беларусі і замежжа падтрымліваюць Сяргея і стараюцца дапамагчы, гаворыць Алена. «Улады не хочуць ратаваць яго жыццё, — лічыць яна. — Жыццё грамадзяніна, які змагаецца за справядлівасць, — для іх пусты гук».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула