Пасажыры, якія павінны былі адправіцца рэйсам «Белавія» ў Маскву ў 7.00, вылецелі ў 11.20
Пра гэта паведаміў адзін з пасажыраў рэйса Іван Рак.
Пасажыры, якія былі зарэгістраваныя на рэйс вылетам у 9.00, у Маскву пакуль не вылецелі, паведамілі ў службе даведкі Нацыянальнага аэрапорта Мінск.
Рэйсы авіякампаніі «Белавія» з маскоўскага аэрапорта Дамадзедава затрымліваюцца да 14.00 па маскоўскім часе (13.00 па мінскім), паведамляе сайт Дамадзедава. Самалёт рэйсам В 1983 павінен быў вылецець у Мінск у 10.15. На сайце паведамляецца, што ён вылеціць прыблізна ў 14.00.
Пра тое, што рэйсы кампаніі «Белавія» ў Маскву адмененыя, стала вядома сёння раніцай ад пасажыраў, якія не змаглі вылецець у сталіцу Расіі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прычынай адмены стала рашэнне расійскай кампаніі «Расавіяцыя» аб пазбаўленні «Белавія» ліцэнзіі, пра што расійскі бок праінфармаваў беларускі тэлеграмай. У адказ Мінск адмовіўся прымаць маскоўскія рэйсы. Цяпер бакі вядуць тэлефонныя перамовы, каб урэгуляваць сітуацыю.
Крыніца ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі сцвярджае, што авіязносіны спыненыя па віне расійскага боку. Масква нібыта спрабуе атрымаць дазвол на большую колькасць рэйсаў у Мінск, але беларускі бок не пагаджаецца, матывуючы гэта дамоўленасцю аб парытэтнай колькасці рэйсаў.
Тым часам на старонцы авіякампаніі @Belavia_by у сетцы мікраблогаў Twitter з`явілася паведамленне аб тым, што «Белавія» кампенсуе пасажырам кошт білетаў на рэйсы Мінск — Масква і бясплатна ажыццяўляе працэдуру перабраніравання білетаў.