БЕЛ Ł РУС

Уступныя выпрабаванні ў 5-я класы гімназій пройдуць у Беларусі з 2 па 10 чэрвеня

4.04.2012 / 11:14

Уступныя выпрабаванні ў 5-я класы гімназій пройдуць у Беларусі з 2 па 10 чэрвеня. Як паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі, будучых пяцікласнікаў чакаюць 216 гімназій, з іх 45 — у Мінску.

Для тых, хто хоча паступіць у гімназіі і гімназіі-інтэрнаты, будуць праведзеныя тры ўступныя выпрабаванні — па беларускай мове, рускай мове і матэматыцы. А для тых, хто паступае ў гімназіі-каледжы мастацтваў — два: па беларускай або рускай мове і матэматыцы, а таксама праверка здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтва.

Мінадукацыі вызначыла даты правядзення ўступных выпрабаванняў у 5-я класы гімназій, гімназій-інтэрнатаў, гімназій-каледжаў мастацтваў: 5 чэрвеня — руская мова (пісьмова), 7 чэрвеня — матэматыка (пісьмова), 9 чэрвеня — беларуская мова (пісьмова). Праверка здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтва для тых, хто паступае ў гімназіі-каледжы мастацтваў, адбудзецца 2 чэрвеня. Пачатак усіх выпрабаванняў — 11.00.

У ведамстве нагадалі, што згодна з дзейным заканадаўствам падчас прыёму ў гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, гімназіі-каледжы мастацтваў улічваюцца як вынікі ўступных выпрабаванняў па ўказаных навучальных прадметах, так і гадавыя адзнакі па іх, атрыманыя школьнікамі пасля завяршэння навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Пры роўнай колькасці балаў (сума балаў па выніках уступных выпрабаванняў і гадавых адзнак) пераважнае права на залічэнне ў гімназіі, гімназіі-інтэрнаты маюць дзеці з больш высокім сярэднім балам гадавых адзнак за IV клас, а ў гімназіі-каледжы мастацтваў — дзеці, якія маюць больш высокі ўзровень здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтва (якія набралі большую колькасць балаў па выніках праверкі здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтваў).

Загад аб залічэнні вучняў у гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, гімназіі-каледжы мастацтваў афармляецца не пазней за 12 чэрвеня. Кантрольныя лічбы прыёму будуць зацверджаныя да 10 красавіка.

У выпадку, калі дзіця не паступае ў гімназію, гімназію-каледж мастацтваў, у якой атрымала пачатковую адукацыю, ён можа працягнуць навучанне ва ўстанове адукацыі па месцы жыхарства або іншай установе адукацыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула