БЕЛ Ł РУС

На мінскім мясакамбінаце 6 чалавек атруціліся аміякам

6.04.2012 / 11:26

На прадпрыемстве адбылася ўцечка 50 кілаграмаў аміяку.

Шасцёра работнікаў КУП "Мінскі мясакамбінат" дастаўлены ў гарадскую клінічную бальніцу хуткай дапамогі з-за атручэння парамі аміяку.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце МНС, інфармацыя аб атручэнні парамі аміяку работнікаў Мінскага мясакамбіната па вуліцы Казінца, 46, паступіла ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення пры Мінскім гарадскім упраўленні МНС 5 красавіка ў 22.15.

На месцы НЗ ратавальнікі ўстанавілі, што ў будынку цэху паўфабрыкатаў адбыўся выхад аміяку з радыятара ахаладжэння ў халадзільнай камеры, што на чацвёртым паверсе будынка. У выніку адбылася ўцечка каля 0,05 тон аміяку (агульная колькасць аміяку ў сістэме складае 20 тон).

На момант здарэння ў цэху працавалі 90 чалавек, яны самастойна пакінулі будынак. Разам з тым шасцёра чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу.
Пасля абследавання брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі іх шпіталізавалі ў бальніцу з дыягназам "інгаляцыйнае атручэнне парамі аміяку лёгкай ступені".

Сіламі аварыйна-тэхнічнага звяна КУП "Мінскі мясакамбінат" была перакрыта падача аміяку ад лінейных рэсівераў да халадзільнай камеры, тым самым пагроза далейшага выхаду аміяку з сістэмы была ліквідавана. Работнікі МНС зрабілі замер канцэнтрацыі пароў аміяку на прадпрыемстве, правялі мерапрыемствы па іх асаджэнні і прадухіленні распаўсюджання.

Як сцвярджаюць у МНС,

небяспечнае рэчыва не выйшла за межы чацвёртага паверха: на ніжніх паверхах, у сумежных цэхах і на вуліцы небяспекі для жыцця і здароўя людзей няма.

Прычыны высвятляюцца.

Гэта не адзінае НЗ на Мінскім мясакамбінаце за апошнія суткі, зазначаюць у МНС. Днём у чацвер атручэнне парамі аміяку атрымаў таксама работнік кампрэсарнага цэху прадпрыемства. Гэта адбылося пры выпрабаванні абсталявання. Мужчына таксама шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула