БЕЛ Ł РУС

Рыгор Васілевіч: Смяротнае пакаранне можна адмяніць і без рэферэндуму

11.04.2012 / 16:15

Былы Генпракурор, загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрфака БДУ, распавёў, што трэба мяняць у законах і ці магчыма было прызначыць іншы прысуд абвінавачаным у тэракце.

Рашэнне рэферэндуму наконт смяротнага пакарання насіла кансультацыйны характар

Рыгор Васілевіч: Маё стаўленне вельмі складанае. Нейкага пэўнага меркавання ў мяне не склалася. Бо ёсць такія злачынствы, забойствы, якім няма апраўдання. Калі гіне дзіця — бацькі пакутуюць, можна зразумець пачуцці гэтых людзей. З іншага боку, ёсць стандарты, якія складаюцца ў межах Еўропы. І краіны, якія знаходзяцца ў Еўрасаюзе, у Савеце Еўропы прыйшлі да высновы, што смяротнае пакаранне неабходна адмяняць. Усе краіны Савета Еўропы падпісалі адпаведную Канвенцыю. Адмена смяротнага пакарання — пытанне вырашанае. Таму, можна зыходзіць з такога фармальнага юрыдычнага аспекту:

калі Рэспубліка Беларусь імкнецца ўступіць у Савет Еўропы, то яна абавязаная будзе прыняць адпаведнае рашэнне.
Яшчэ калі мы працавалі над Канстытуцыяй ў 1990–94 гадах, мы бачылі, што смяротнае пакаранне ў перспектыве будзе адмененае. І ўключылі туды адпаведны артыкул: «смяротнае пакаранне, як выключная мера, да яе адмены, прымяняецца за асабліва цяжкія злачынствы ў адпаведнасці з рашэннем суда». Тут закладзены важны прававы прынцып: мы рухаемся да адмены смяротнага пакарання. І калі гэта норма будзе выключаная з Крымінальнага кодэкса, то не будзе ніякіх супярэчлівасцяў з Канстытуцыяй. Бо Канстытуцыя дазваляе вырашыць гэта пытанне на заканадаўчым узроўні.

Рыгор Васілевіч: Само прымяненне смяротнага пакарання не вырашае праблемы папярэджання праяўленняў злачынстваў альбо іх поўнай ліквідацыі. У савецкія часы ў Беларусі адбывалася каля 300 забойстваў штогод. У 90-ых гадах мінулага стагоддзя пайшоў рост. І апафеозам стаў 1998 год, калі было здзейснена 1228 забойстваў. Да 2006 года колькасць забойстваў была ў межах 1 тысячы. У 2008 годзе, калі я прыйшоў на пасаду Генпракурора, 791 забойства было. За тры гады нам ўдалося зменшыць колькасць забойстваў амаль на 50%. Летась было 404 забойствы.

Так, 24 лістапада 1996 года прайшоў рэферэндум, адным з пытаннем якога было пытанне наконт смяротнага пакарання.

Больш за 89% грамадзян выказаліся за захаванне. Але гэта меркаванне грамадства мела рэкамендацыйны, кансультацыйны характар. Пытанне не было абавязковым.
Першапачаткова меркавалася, што адмена магчымая не толькі падчас рэферэндуму, магчымае рашэнне і іншымі суб’ектамі ўлады.

Рыгор Васілевіч: Цікава, што да рэферэндуму да смяротнага пакарання асуджалася штогод 25–30 чалавек. Пасля рэферэндуму, пры амаль той жа колькасці цяжкіх злачынстваў, у 97–98 гадах суды асудзілі на смерць 46 і 47 чалавек адпаведна. А ў 99 годзе суды змянілі практыку і на смерць асудзілі толькі 13 чалавек. Хоць менавіта ў той год колькасць забойстваў з абцяжарваючымі абставінамі значна ўзрасла. Гэта прыклад таго, што на пазіцыю ўладных структур уплывае грамадскае меркаванне.

Рыгор Васілевіч: З пазіцыі фармальна-юрыдычнай, безумоўна, гэтае пытанне можа быць вырашанае і без рэферэндуму. Рашэнне таго рэферэндуму насіла кансультацыйны характар і, у прынцыпе, можна вырашыць інакш. Але і кіраўнік дзяржавы, і парламент — яны прадстаўляюць народ. І меркаванне грамадзян для іх мае важнае значэнне, якое ўплывае на прыняцце імі рашэнняў. Іх можна зразумець — 80% прагаласавала!

Але калі на гэта ўвагі не звяртаць, то пытанне можа быць вырашанае шляхам змены Крымінальнага кодэкса. Варыянты рашэння гэтай праблемы могуць быць самыя розныя. Магчыма ўвядзенне мараторыя.

Рыгор Васілевіч: Мой каментарый будзе такі. Я ўжо сказаў, што Канстытуцыя дазваляе вырашыць гэта пытанне і без рэферэндуму — гэта фармальна-юрыдычны аспект. І ў той жа час, ёсць уплыў рэферэндуму на прыняцце такога рашэння.

Ні суддзі, ні пракуроры не ацэньвалі наступстваў, якія могуць быць ад жорсткіх прысудаў

Рыгор Васілевіч: Па маёй ініцыятыве і пры падтрымцы маіх калег з Генпракуратуры цягам года, пры актыўным супраціве некаторых органаў, якія займаюцца правапрымяненнем, была падрыхтаваная канцэпцыя ўдасканалення мераў крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання. Туды мы заклалі важную ідэю — гуманізацыю пакарання. Пакаранне сапраўды павінна быць больш гуманным, чым мы зараз маем. І ў практыцы пракурораў ёсць шмат прыкладаў, калі пракурор патрабуе адну меру, а суд робіць па-свойму.

Зразумела, у выпадку са смяротным пакараннем менавіта так і адбываецца, пракурор яго просіць і суд ідзе насустрач. Але суддзя ставіць кропку ў справе, і ён павінен быць цалкам самастойным. І ад пракурора, і ад адваката. Тут пытанне ў судовай практыцы. А гэта судовая практыка, і я яе крытыкаваў, калі знаходзіўся на той пасадзе, з’яўляецца супярэчлівай. Ёсць шмат прысудаў, з якімі можна не пагадзіцца. Я маю на ўвазе не толькі прысуды па смяротным пакаранні. Часам бывае, што злачынства фармальна трапляе пад дзеянне крымінальнага кодэкса, але, у прынцыпе, чалавек мог бы панесці больш мяккае пакаранне.

Часта, змяшчаючы людзей у месцы пазбаўлення волі, мы іх псуем — 54% рэцыдываў!
Таму я спадзяюся, што распрацаваная намі канцэпцыя застанецца ў полі зроку супрацоўнікаў пракуратуры і іншых праваахоўных органаў. Мне хацелася б, каб пракурор не быў тым, хто стараецца папрасіць болей, а суд можа дасць менш. Мы павінны прапаноўваць такія меры, якія б адпавядалі і прынцыпам крымінальнай адказнасці і прынцыпам справядлівасці. Трэба ж улічваць, у якіх умовах знаходзяцца людзі ў месцах пазбаўлення волі.

Рыгор Васілевіч: Калі я прыйшоў на пасаду ў 2008 годзе і пачаў аналізаваць практыку, нават тую ж практыку пакарання службовых асоб, то мне падалося, што ні суддзі, ні пракуроры не ацэньвалі наступстваў, якія могуць быць у сувязі з такімі прысудамі. Для эканомікі, для сям’і, для бюджэту ў выніку таго, што гэтыя людзі будуць не на курорце, і вярнуцца хворымі і гэтак далей. А ўжо даўно вядома, што жорсткае пакаранне не вырашае праблемы злачынства. Таму трэба з розумам падыходзіць да прымянення заканадаўства і ўдасканальваць яго па шэрагу накірункаў. Рух у гэтым накірунку ёсць. Тут галоўнае — правапрымяняльная практыка.

Прысуд Кавалёву хай пракаментуе Сукала — хопіць хавацца за спінамі невыязных суддзяў

Рыгор Васілевіч: Усе варыянты прадугледжаныя Крымінальным кодэксам. У тым ліку, і пажыццёвае пакаранне, і смяротнае пакаранне. Гэта выбар суддзі. Таго, хто быў старшынёй па справе.

Рыгор Васілевіч: Я адкажу так.

Ёсць старшыня Вярхоўнага суда спадар Сукала. Які ўсе гады знаходзіцца за спінамі сваіх падначаленых. Я перанакіроўваю гэта пытанне яму. Гэты чалавек цалкам можа даць каментарый. Я заўсёды быў на пярэднім флангу. А гэты таварыш хай таксама пакажа сябе. А то вось так у цені, за спінамі невыязных суддзяў, знаходзіцца працяглы час, напэўна, не вельмі карэктна ў адносінах да сваіх падначаленых.

Судовая практыка часта прадвызначае пазіцыю органаў следства, дазнання і пракуратуры

Рыгор Васілевіч: … І суддзя такі, што яму сказалі, то ён і пайшоў падпісваць і ставіць кропку? Практыка прыцягнення найперш да адміністрацыйнай адказнасці сфармавалася даўно. З боку Генеральнай пракуратуры было зроблена вельмі шмат, каб яе папраўляць. Іншая справа, што нашых паўнамоцтваў часта недастаткова. Вядомыя прыклады прынясення пратэстаў, якія проста ігнараваліся. У тым ліку, і Генеральнага пракурора. У межах нашых паўнамоцтваў, што можна было зрабіць — рабілася. Па нейкіх справах, магчыма, не ўдалося дзейнічаць з дзеючымі нормамі. Мы выносілі пратэсты, самі асуджаныя абскарджвалі прысуды, але мы звязаныя судовай практыкай. А судовая практыка часта прадвызначае пазіцыю органаў следства, дазнання і пракуратуры. Бо ўжо вынесеныя адпаведныя пастановы, і гэтыя асобы знаходзяцца ў пэўных рамках.

Рыгор Васілевіч: Я лічу, што санкцыі не ўпрыгожваюць нікога: ні тых, супраць каго яны прымененыя, ні тых, хто прымае рашэнне аб іх увядзенні. Я за тое, каб выконваліся нормы Канстытуцыі, нормы дзеючага заканадаўства, кодэксаў.

У нас 3 мільёны адміністрацыйных правапарушэнняў на 10 мільёнаў грамадзян!

Рыгор Васілевіч: Для чыноўнікаў Канстытуцыя і міжнародныя дамовы, самае важнае — Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, плюс — Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека павінны стаць настольнымі кнігамі. Любое сваё рашэнне і дзеянне яны павінны суадносіць з гэтымі дакументамі. Судовая практыка павінна прынцыпова змяніцца — павінна быць адзінства гэтай практыкі. Павінна быць адпаведнасць гэтай практыкі Канстытуцыі і міжнародным стандартам. Сярод грамадзян трэба працу праводзіць з мэтай развіцця прававой культуры. Прававая ідэалогія павінна быць. Але найперш — практыка прымянення.

А то ж у нас 3 мільёны адміністрацыйных правапарушэнняў на 10 мільёнаў грамадзян!
Можна сказаць, што вінавата ўлада ва ўсім. Вядома, асобы, якія знаходзяцца пры ўладзе, адказваюць за стан эканомікі, палітыкі, у сацыяльнай сферы і ў галіне правапрымянення. Але ж і грамадзяне — які фон яны ствараюць? Гэта — агульны працэс. І грамадзяне павінны сваю частку дарогі прайсці, але стаўленне чыноўнікаў да закона павінна быць паказальным. А з гэтым праблем аж зашмат.

Рыгор Васілевіч: Я з 2008 года ведаў, што з гэтай пасады трэба будзе сыходзіць. Больш за тое, я ўжо быў гатовы да гэтага з канца 2008 года. Але мне падавалася, што яшчэ нешта магу зрабіць для ўмацавання законнасці. Нечаканым гэта не было. Больш за тое, я напісаў сам заяву. Хаця б таму, што тыя дзеянні, маленькія крокі, якія я рабіў для ўмацавання законнасці, не давалі таго выніку, якога мне хацелася б. Каб была прынятая тая ж канцэпцыя па ўмацаванні законнасці — цэлы год гэтым давялося займацца. Больш за тое, калі ў лютым 2008 года я прыйшоў на гэтую пасаду, то найперш запытаўся ў «кадравікоў» — колькі працавалі папярэднікі на гэтай пасадзе. Статыстыка — 2–3 гады. Мы шмат цікавага напрацавалі ў Канстытуцыйным судзе і мне падавалася, што менавіта тут можна рэалізаваць тыя напрацоўкі…

Рыгор Васілевіч: Я думаю, гэта ўзаемнае жаданне.

Рыгор Васілевіч: Гэта было ўзаемнае жаданне. Я зрабіў усё, што мог. Але я хацеў бы зрабіць больш для ўмацавання законнасці.

Рыгор Васілевіч: Я стараўся працаваць добрасумленна. Прынамсі, такое старанне было. І мае калегі ведаюць, як я працаваў.

Рыгор Васілевіч: Мне падаецца, тое, што можна было, я стараўся рабіць. Што я мог зрабіць, знаходзячыся ў той парадыгме адносінаў, якая была сфармаваная. Але гэта не азначае, што я задаволены. Хацелася б зрабіць больш. Я юрыдычны факультэт заканчваў для таго, каб вяршэнстваваў закон.

Рыгор Васілевіч: У нас занадта шмат законаў. І гэта жаданне, прыняць усё больш заканадаўчых актаў, не зусім аптымальнае. Можа, трэба паглядзець і расчысціць гэта заканадаўства. Можа, неабходна вызначыць мінімум забарон, і каб больш было свабоды прававой.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула