БЕЛ Ł РУС

Як аўтарка «Бажэственнага Зураба» сукенку купляла

19.04.2012 / 09:15

Аксана Рудовіч

Сукенку для рэдактаркі беларускага глянцавага часопіса шукала палова Амерыкі.

Дзеля вопраткі жанчына гатовая на ўсё. Рэдактарка беларускага глянцавага часопісу «Пінгвін» Ірына Кабасакал пацвярджае гэта допісам у сацыяльнай сетцы.

«Пару тыдняў назад у адным расійскім глянцы я ўбачыла абалдзенную сукенку. Вось што азначае моц рэкламы!», піша Ірына. Яна адразу ж выправілася ў буцік, дзе прадаецца адзенне гэтай маркі.

Прадавец расчараваў жанчыну, сказаўшы, што сукенка наўрад ці даедзе да Мінска.

Ірына і «бажэственны» Зураб.

Тады Кабасакал звярнулася да сястры свайго новага сябра, якая валодае буціком гэтай маркі ў Ерэване. Аднак і там няўдача.

«Новы сябар» Ірыны напружыў сястру. Тая патэлефанавала ў Амерыку.

За акіянам паабяцалі даставіць сукенку. Але… заставаўся толькі памер XXL, а Ірыне патрэбны XS ці S.

Сукенку патрэбнага памеру пачалі шукаць па ўсёй Амерыцы.

«Ну вельмі клапатлівы сябра, а я вельмі хачу яе адзець!»,
піша Ірына.

Нарэшце ўчора вечарам такі знайшлі жаданую «эску» ў адным штаце. Туды, за 300 км, адразу ж памчаў экспрэс з сяброўкай сястры.

Сёння раніцай Ірыне Кабасакал патэлефанаваў «новы сябар» і сказаў, што скора дашле фота запакаванай сукенкі ёй на скрыню. І паклапоціцца, каб хутчэй даставілі ў Беларусь.

«Вось ужо я, дык я. Колькі разоў давядзецца адзець яе – усе разумеюць. Дарэчы, дзягу з лямкай у выглядзе вялікага пісталета я набыла пад яе адразу, як убачыла ў рэкламе»,
— піша Ірына.

І дадае, як у той песні: ўсё немагчымае магчыма. Было б жаданне. Праўда, важна яшчэ мець добрых сяброў і грошы.

«Дарэчы, сукенка вельмі дарагая – 100% шоўк, і да падлогі. Я шчаслівая!»
— піша жанчына.

Імя Ірыны Кабасакал стала вядома карыстальнікам інтэрнэта пасля артыкула пра «бажэственнага Зураба». Тое, як жанчына апісала беларуска-азербайджанскага «мачо» выклікала хвалю абмеркаванняў. А выраз «бажэственны зураб» стаў назыўным.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула