БЕЛ Ł РУС

Мінчукі скардзяцца на стан набярэжнай Свіслачы

4.05.2012 / 10:07

Грошай на рамонт у бюджэце няма.

Жыхары некалькіх дамоў на вуліцы Камуністычнай звярнуліся ў рэдакцыю «Вячэрняга Мінска» з пытаннем: калі нарэшце гарадскія службы зоймуцца рамонтам набярэжнай Свіслачы? Спакойна прайсціся ўздоўж ракі ад парку Горкага да вул. Я. Купалы ўжо немагчыма: вакол ямы, правалы, калдобіны, пакрывіўся парапет: увечары можна спатыкнуцца і падвярнуць нагу.

Рэканструкцыя набярэжнай у цэнтры горада патрэбная даўно.
Берагі ракі «адзелі» ў бетон яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Капітальнага рамонту з таго часу не было. Спецыялісты летась яшчэ раз пацвердзілі: набярэжная не проста мае дрэнны выгляд, яна руйнуецца, і касметычнымі мерапрыемствамі справе не дапамагчы.

Яшчэ тры гады таму архітэктарам даручылі распрацаваць праект рэканструкцыі. Меркавалася замяніць парапет, выканаць новае брукаванне. Аднак да стадыі ўзгаднення праект так і не дайшоў: аказаўся задарагім. Рэч у тым, што для выканання ўсіх прац неабходна паніжаць узровень вады ў рацэ дзесьці на паўтара метра. А гэта дадатковыя расходы.

Цяпер прадумваецца менш дарагі варыянт рэканструкцыі: магчыма, набярэжную не будуць разбіраць цалкам, а толькі ўмацуюць праз пэўную колькасць метраў. Гэта сэканоміць фінансы, але толькі адтэрмінуе час паўнавартаснага капрамонту.

— Канчатковага рашэння пакуль не прынялі, і ў інвестыцыйную праграму гэтага года аб’ект не ўвайшоў, — тлумачыць генеральны дырэктар ДВА «Камунальная гаспадарка Мінгарвыканкама» Эдуард Зотаў. — Магчыма, сродкі знойдуцца ў наступным годзе. Тады будзе распрацаваны будаўнічы праект, а затым пачнуць рэканструкцыю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула