БЕЛ Ł РУС

У Брэсце ўлады забаранілі ўсе пікеты «За сумленныя выбары без Лукашэнкі»

14.05.2012 / 10:04

У Брэсце забаронены ўсе пікеты «За сумленныя выбары без Лукашэнкі», заяўленыя на 15 мая актывістамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Як паведаміў старшыня Брэсцкай абласной структуры АГП Уладзімір Вуек, партыйцы планавалі правесці пяць пікетаў з мэтай прыцягнуць увагу жыхароў горада да адсутнасці ў краіне свабодных і сумленных выбараў і праінфармаваць пра кампанію Аб’яднанай грамадзянскай партыі «За сумленныя выбары без Лукашэнкі».

Па дзве такія акцыі намячаліся ў месцах, дзе гарвыканкамам дазволены падобныя мерапрыемствы: каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне «Лакаматыў». Адна — на вуліцы Маскоўскай каля супермаркета «Алмі».

Паводле слоў Вуека, Брэсцкі гарвыканкам адмовіў у правядзенні пікетаў у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў на той падставе, што там будзе ў гэты час праходзіць святочная праграма ў рамках Дня сям’і.

Забарона на правядзенне акцыі на стадыёне «Лакаматыў» матывавана тым, што 15 мая ў названы ў заяўках час запланаваны гульні ў рамках адзінага Тыдня па футболе.

Каля супермаркета «Алмі» пікет не дазволілі, бо гэтае месца не вызначана для масавых мерапрыемстваў гарвыканкамам.

«Мы лічым, што парушана наша права на мірныя сходы і мітынгі, якое замацавана Канстытуцыяй Беларусі, — заявіў Вуек. — У прыватнасці, на стадыёне і ў парку дастаткова месца. І мы маглі пікетаваць, не перашкаджаючы канцэрту і футболу».

Ён падкрэсліў, што заяўнікі акцый маюць намер абскардзіць іх забароны ў судзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула