БЕЛ Ł РУС

17-гадовы юнак у электрычцы затрымаў хулігана з нажом

14.05.2012 / 10:53

17-гадовы навучэнец мастацка-прафесійнага каледжа спыніў цяжкае злачынства, затрымаўшы ў электрацягніку Баранавічы — Мінск 49-гадовага жыхара вёскі Малаеды Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. У тамбуры вагона мужчына наносіў нажавыя раны свайму 32-гадоваму аднавяскоўцу.

Злачынства было ўчынена 10 мая.

Як паведамілі ва ўпраўленні ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі, на станцыі Гарадзея разам з непаўналетнім у электрычку зайшлі два мужчыны ў стане алкагольнага ап’янення. Перыядычна п’яныя пасажыры выходзілі ў тамбур вагона і размаўлялі. Чарговы такі паход мог закончыцца трагедыяй. Падчас размовы паміж сабутэльнікамі ўзнік канфлікт, у выніку якога адзін з мужчын ударыў у твар спадарожніка. У адказ той дастаў нож і нанёс ім крыўдзіцелю не менш як дзесяць удараў у шыю, твар і па руках, а таксама нанёс пранікаючае раненне грудной клеткі.

Заўважыўшы ў руцэ пасажыра халодную зброю, юнак кінуўся да зламысніка і выбіў у яго нож, а затым выклікаў міліцыю.

Малады чалавек самастойна затрымаў злачынцу, прымяніўшы прыёмы захопу і самаабароны.

Атрымаўшы паведамленне аб злачынстве, супрацоўнікі транспартнай міліцыі з Баранавічаў неадкладна прыбылі на месца здарэння. Праваахоўнікі аказалі першую дапамогу пацярпеламу, выклікалі медыкаў, забралі нож і даставілі ў дзяжурную часць падазронага.

Зараз у дачыненні да затрыманага Стаўбцоўскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата справа за наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па ч. 1 арт. 147 Крымінальнага кодэкса. Падазроны змешчаны ў ІЧУ. Яму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да васьмі гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула