БЕЛ Ł РУС

Капітан хакейнай зборнай: Вернемся дадому і будзем, як страусы, засоўваць галаву ў пясок

15.05.2012 / 09:18

Капітан хакейнай зборнай Беларусі Уладзімір Дзянісаў пракаментаваў няўдалы паядынак з французамі і прыйшоў да высновы, што праблема хутчэй за ўсё не ў трэнеру.

— Уладзімір, такое пачуццё, што нас сурочылі: недарэчныя шайбы ў нашы вароты, незалічаныя нашы — у чужыя. Потым скандал, цяпер вось — траўма Каваля…

— Глупства, не трэба спісваць няўдачы на тагасветныя сілы. Самі сябе мы і сурочылі. Прайграем французам другі год запар. Няма каманднай гульні, забіць не можам. Урыўкамі нешта выдаем — і ўсё.

— Траўма Каваля паўплывала на вынік?

— Не думаю. Віталіка, вядома, шкада, але і Мільчакоў, па-мойму, адпрацаваў нядрэнна. У прапушчанай ў канцы шайбе яго віны абсалютна няма. Гэта мы, на жаль, не змаглі забяспечыць яму добры настрой пасля дэбюту на чэмпіянаце свету.

— Сапраўды, паразы ад Францыі ператвараюцца ў сістэму…

— Пра што і кажу. Быў Захараў, Занкавец, цяпер вось Хейкіля — трэнеры змяняюцца, вынік застаецца. Значыць, рэч у сістэме, нешта трэба мяняць. У тым ліку і нам, гульцам, сесці, падумаць, прааналізаваць, што не так і як гэта выправіць.

Усе ж разумеюць, што зараз, калі вернемся дадому, давядзецца, як страусам, засоўваць галаву ў пясок ад сораму за наш выступ. І ўсё ж галоўнае — зрабіць высновы на будучыню. Зразумець нарэшце, у чым праблема.

— Да заўтрашняга матчу з Канадай не справіцеся?

— Не ведаю… Але ў любым выпадку трэба выходзіць і біцца.

— Капітану ў такія моманты цяжэй за астатніх?

— Вядома, няпроста. Па-добраму, капітан павінен зараджаць партнёраў упэўненасцю, паказваць прыклад сваёй гульнёй. А атрымліваецца, на жаль, далёка не заўсёды.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула