БЕЛ Ł РУС

Генеральнага дырэктара «Віцязя» могуць звольніць за няяўку на паседжанне гарвыканкама

17.05.2012 / 11:14

Упраўленне эканомікі гарвыканкама павіннае хадайнічаць перад Міністэрствам прамысловасці Рэспублікі Беларусь і аблвыканкамам аб прыняцці мер у дачыненні да генеральнага дырэктара ААТ «Віцязь» Валерыя Нікіфарава

«за незабяспечанне стабільнай работы прадпрыемства, ігнараванне даручэнняў гарвыканкама» — кіраўнік тэлезавода не з’явіўся на паседжанне гарвыканкама. Пра гэта гаворыцца ў рашэнні гарадскога выканаўчага камітэта «Аб выніках работы народна-гаспадарчага комплексу горада Віцебска, выкананні гарадскога бюджэту ў студзені-сакавіку 2012 года».

Акрамя таго ў дакуменце пералічваюцца кіраўнікі некалькіх дзясяткаў віцебскіх прадпрыемстваў, якім варта «ўказаць на недастатковую арганізацыйную працу». Сярод іх, напрыклад, бацька і сын Мартынавы, а таксама сп. Суманееў. Аказваецца, СТАА «Марка» і ЧП «Сан Марка» не выканалі заданні па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці асноўных пазіцый тавараў-прадстаўнікоў. СТАА «Марка», да таго ж, дрэнна эканоміць электраэнергію, а ў СТАА «Белвест» праблемы са зніжэннем запасаў гатовай прадукцыі.

Таксама ўказана на недастатковую арганізацыйную працу кіраўнікам адміністрацый раёнаў Віцебска Грабнёву, Арлову, Панфілаву, першаму намесніку старшыні гарвыканкама Мяркушаву і цэламу шэрагу чыноўнікаў рангам ніжэй.

У цэлым дакумент, побач з захаваннем станоўчай дынамікі развіцця асноўных галін эканомікі Віцебска і недапушчэннем сацыяльнай напружанасці на рынку працы, адзначае «невыкананне шэрагу паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця горада, даведзеных на 2012 год, у тым ліку і ў разрэзе адміністрацый раёнаў горада» .

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула