БЕЛ Ł РУС

Фальклор і гроўлінг: 31 мая — сольны канцэрт Znich

31.05.2012 / 11:45

Nashaniva.com

Клуб Re:public (Прытыцкага. 62). 19.00.

Алеся і Алесь Таболічы.

31 мая ў клубе Re:public (Прытыцкага. 62) —

лідары беларускай метал-фольк сцэны, гурт Znich з вялікім сольным канцэртам «Найлепшае за 16 год і эксклюзіўныя песні».
Кошт квіткоў: 55 000 (першыя 100), 65 000–75 000 — папярэдне, танцпол. 85 000 — месца за столікам плюс кампакт-дыск Znich у падарунак. Пачатак, а 19.00. Кропкі продажу квіткоў: падземны пераход на пл. Якуба Коласа, ГУМ, Re:public, ГЦ «Купалаўскі» (19-я кропка), ГЦ «Рыга» (18-я кропка). Даведкі: (29) 649-08-88.

«Запланаваны на 31 мая канцэрт гурту Znich мне нагадаў ўлюбёны выраз майго бацькі: „Дзе мае 17 год?“, — піша музычны крытык Вітаўт Мартыненка. — А гадоў 18 таму да мяне, журналіста адной з моладзевых газет, завітаў няўрымслівы стыльны юнак-нефармал і заявіў: „Мне падабаецца ваш „Нотны аркуш“, мы з сябрамі з захапленьнем яго чытаем, і вось вырашылі стварыць беларускамоўны рок-гурт“.

На роднай мове гуртоў тады было нібы пальцаў на руцэ. „Але мы мэтал вырашылі граць…“
Зразумеўшы трывогу творчай асобы ў краіне, дзе сама рок-музыка яшчэ надоечы была пад забаронай, а пра новую пошасць heavy-metal і гаварыць забаранялася, я паспяшаўся засведчыць, што сам не прымаю забаронаў у творчасці:
„Цудоўна! А хто тэксты ў вас піша?“ Адказ збянтэжыў нават мяне: „Ніхто, мы плануем базаваць нашу творчасць на фальклоры“.

І я ўздрыгануўся, бо за савецкім часам нам навязваўся фальклор у выглядзе калгасных папевак перастаркаў кшталту „Мяне мілы разлюбіў, я сяджу і плакаю…“,

што ніяк не вязалася з экстрымам, гроўлінгам і скрымінгам…
А неўзабаве набраў моц Znich і я пачуў і запомніў імя таго юнака — Алесь Таболіч.
Ён рабіў нешта неверагоднае, рабіў якасна, ніколі не прагінаўся пад ціскам сітуацыяў, а сам змяняў пэўныя музычныя ўстоі.
Ён змяніў і мой погляд на фальклор, дазволіўшы ўбачыць сакральную энэргетыку неўміручых песень нашых продкаў.

Склад гурту Znich неаднаразова змяняўся, але непаўторны шарм культавага экстрым-бэнда заставаўся. У працы над сваім апошнім альбомам „Мроя“ яны былі максімальма набліжанымі да першаснага складу, дадаліся новыя асобы і абставіны, таленавіты сын бацькоў сваіх стаў любімым мужам. І я адчуваю: яму не давядзецца шкадаваць пра свае 17 год, бо плён іх — у пяці паўнавартасных альбомах, у трывалай беларускай сям’і. Разам з жонкай і аднадумцамі ствараюцца новыя песні».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула