БЕЛ Ł РУС

Мінскія дактары просяць гарвыканкам дапамагчы з жыллём

31.05.2012 / 09:20

«Персанал звальняецца, хутка працаваць не будзе каму».

Дактарам таксама патрэбная дапамога. З прычыны невялікіх заробкаў і адсутнасці шанцаў атрымаць у агляднай будучыні кватэру медыцынскія работнікі ідуць на крайні крок — звальненне. У многіх сталічных установах аховы здароўя востра стаіць пытанне дэфіцыту кадраў. Спецыялісты перакананыя, што адзіны шанец утрымаць работнікаў — неадкладна вырашыць іх жыллёвае пытанне.

Пра праблемы медыцыны ішла размова ў Фрунзенскім раёне, куды наведаліся дэпутаты Мінгарсавета.

Галоўны доктар дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Марына Сакалова расказала: з кадрамі не ўсё гладка. Дактароў больш-менш хапае, а з сярэднім медыцынскім персаналам дрэнная сітуацыя, штат укамплектаваны толькі напалову. Галоўны доктар адзначыла, што звальняюцца супрацоўнікі ў асноўным праз жыллё, якога няма.

— Спадзяемся на падтрымку раённай, гарадской адміністрацыі, а то хутка працаваць не будзе каму, — панаракала яна.

У паліклініках раёна таксама «недакамплект». Паводле інфармацыі «Мінскага кур’ера», дактарамі яны ўкамплектаваныя прыкладна на 75%, сярэднім медперсаналам — на 70. Сярэдняя налічаная зарплата дактароў у першым квартале склала 3,9 млн рублёў (пры каэфіцыенце сумяшчальніцтва 1,3), медперсаналу — 2,9 млн. «Так… рублём кадры складана прывабіць. Застаецца жыллём», — прыходзіць да высновы газета.

Днямі Мікалай Ладуцька паставіў перад ААТ «МАПІД» задачу тэрмінова прыступіць да ўзвядзення двух інтэрнатаў для дактароў. Іх будаўніцтва плануецца завяршыць да канца 2012 года. Месцы там у першую чаргу атрымаюць медработнікі УАЗ «Гарадская станцыі хуткай медыцынскай дапамогі».

Але сітуацыю ў цэлым па горадзе два інтэрнаты наўрад ці палепшаць. Некаторыя спецыялісты лічаць, што дзяржаве варта было б заканадаўча вырашыць пытанне з жыллём для работнікаў медыцыны — даваць ільготы ці прыярытэтнае права на арэнднае жыллё.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула