Парфянкоў падаў касацыйную скаргу
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Васіль Парфянкоў накіраваў касацыйную скаргу на прыгавор, вынесены яму 29 мая, паведаміла праваабаронца Наста Лойка.
Судом Першамайскага раёна Мінска Парфянкоў быў прызнаны вінаватым у парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду і прыгавораны да шасці месяцаў арышту.
Адбываць пакаранне Парфянкоў павінен у арыштным доме, умовы ўтрымання ў якім больш мяккія ў параўнанні з калоніяй.Да ўваходжання прыгавору ў сілу пасля яго абскарджання асуджаны будзе знаходзіцца на волі.
***
Асуджаны адбываў пакаранне ў Аршанскай папраўчай калоніі. 11 жніўня 2011 года Парфянкоў быў памілаваны ўказам прэзідэнта. 19 красавіка гэтага года аддзел Следчага камітэта Першамайскага раёна Мінска інфармаваў Парфянкова аб распачынанні ў дачыненні да яго крымінальнай справы за парушэнне ўмоў прафілактычнага нагляду, устаноўленага судом 5 студзеня тэрмінам на год.
На думку праваахоўных органаў, Парфянкоў парушыў парадак выканання ўмоў прэвентыўнага нагляду, у прыватнасці адсутнічаў па месцы жыхарства без уважлівай прычыны, за што двойчы на працягу года падвяргаўся адміністрацыйнаму спагнанню.
Парфянкоў патлумачыў, што выходзіў з дома ў магазін на некалькі хвілін, каб купіць прадукты. «Сам прэвентыўны нагляд, мяркую, быў устаноўлены нада мной з мэтай абмежаваць мой удзел у грамадскай дзейнасці. Не лічу, што, калі выйшаў у магазін, я ўчыніў злачынства», — заявіў Парфянкоў.
У скарзе ён просіць адмяніць прыгавор і зазначае, што гэты прыгавор звязаны не з парушэннямі прафілактычнага нагляду, а з яго грамадзянскай пазіцыяй напярэдадні кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў.