Музей гісторыі Магілёва зноў збірае грошы на кнігу
На гэты раз абвешчаны збор сродкаў на выкуп асобніка «Вялікае мастацтва артылерыі» 1651 года.
Музей гісторыі Магілёва аб’явіў аб пачатку збору сродкаў для выкупу фаліянта — кнігі «Вялікае майстэрства артылерыі» 1651 года выдання аўтарства Казіміра Семяновіча — і звярнуўся па фінансавую дапамогу да прадпрыемстваў і арганізацый.
«Мы звяртаемся да прадпрыемстваў і арганізацый, якія могуць аказаць нам такую дапамогу», — сказаў БелаПАН дырэктар музея Аляксей Бацюкоў.Ён зазначыў, што збор сродкаў спецыяльна не абвяшчаецца сярод грамадзян, каб не ператварыць такія акцыі ў «нейкі серыял». У маі, дзякуючы збору сродкаў і дапамозе спонсараў, у Маскве за 45 тысяч долараў быў выкуплены Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года выдання.
Каштоўнасць кнігі «Вялікае майстэрства артылерыі» абумоўлена тым, што ў ёй аўтар — беларускі шляхціц, які, паводле адной з версій, мог нарадзіцца на Магілёўшчыне, выказаў ідэю шматступеньчатай ракеты, тлумачыць Бацюкоў. Такім чынам, Семяновіч стаў адным з першых распрацоўшчыкаў тэорыі ракетабудавання і артылерыі.
«Кніга стала адной з фундаментальных работ па майстэрстве артылерыі, заклала тэарэтычную аснову ракетабудавання.У прыватнасці, мяркуецца, што ідэі, закладзеныя ў ёй, папярэднічалі славутым „Кацюшам“ і шматступеньчатым ракетам, якія паляцелі ў космас. Наш зямляк за 300 гадоў да касмічнай эры абгрунтаваў тэорыю шматступеньчатай ракеты», — кажа дырэктар музея.
Упершыню Казімір Семяновіч апублікаваў гэтую працу ў 1650 годзе ў Амстэрдаме. Кніга была напісана на лаціне. На наступны год, зноў жа ў Амстэрдаме, аўтар перавыдае яе, але ўжо перакладзеную на французскую мову. Гэта выданне і мае намер выкупіць у мінскага ўладальніка фаліянта за 15 тысяч еўра магілёўскі музей.Цяперашні ўладальнік рарытэту гатовы пачакаць, пакуль не будзе сабрана неабходная сума, да канца лета.
У сваю чаргу пра аўтара старажытнай кнігі вядома мала. «Казімір Семяновіч — загадкавая, таямнічая асоба. Дакладна вядома, дзе ён нарадзіўся, дзе жыў, — кажа Аляксей Бацюкоў. — Ён быў, хутчэй за ўсё, католік славянскага паходжання. У самой кнізе Семяновіч называе сябе ліцвінам, з чаго робіцца выснова, што ён родам з Беларусі».