Палітвязняў не вызваляць
Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект аб амністыі
Дэпутаты палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 27 чэрвеня прынялі ў двух чытаннях законапраект "Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы".
Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, Беларусь "заўсёды рэальна прымяняла прынцып гуманізму ў дачыненні да зняволеных, даючы ім шанц вызваліцца датэрмінова".
Шуневіч паведаміў, што законапраект мае дзве навацыі: першая — пад амністыю падпадаюць асуджаныя за асобныя эканамічныя злачынствы пры ўмове поўнай кампенсацыі нанесенага іх дзеяннямі ўрону; другая — на адзін год можа быць скарочаны тэрмін за карупцыйныя злачынствы.
У законапраекце пералічаныя асобы, на якіх амністыя не распаўсюджваецца. Сярод іх асуджаныя за злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 293 (масавыя беспарадкі), 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), 369-3 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Шуневіч паведаміў, што ў выніку амністыі з месцаў пазбаўлення волі выйдуць 2.880 тысяч чалавек. Міністр таксама падкрэсліў, што прымяненне амністыі не аказвае негатыўнага ўплыву на крымінагенную сітуацыю ў краіне.