БЕЛ Ł РУС

У дэбатах на сесіі ААН Беларусь падтрымліваюць Сірыя і Паўночная Карэя

29.06.2012 / 10:3

Прадстаўнік Сірыі выказаў меркаванне, што даклад вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Наві Пілэй быў «палітызаваным» і «не непрадузятым». Прадстаўнік КНДР падтрымаў гэтае меркаванне.

Сірыйскі дыпламат лічыць, што даклад адлюстраваў сітуацыю з пункту гледжання ЕС, «каторая скажае сітуацыю ў краіне і не ўлічвае дасягненняў Беларусі, асабліва ў галіне сацыяльна-эканамічнага развіцця», перадае «Беларускі партызан» заяву прадстаўніка Сірыі.

«Мы сур’ёзна занепакоеныя тым, што дыскусія палітызаваная, і мы рашуча выступаем супраць падобных палітызаваных дакладаў, — паўтарае сірыйскаму калегу прадстаўнік КНДР. — Такія даклады выклікаюць канфрантацыю і недавер паміж краінамі. Пытанні аб правах чалавека не павінны быць палітызаваныя, яны мусяць вырашацца ў духу дыялогу. Савет па правах чалавека павінен пакласці канец анахранічнай працэдуры прыняцця краінавых рэзалюцый «.

Дэлегацыя Лаоса «падзяляе агульную пазіцыю Руху недалучэння», якая зводзіцца да таго, што «краінавыя рэзалюцыі не дапамогуць у вырашэнні праблем у сферы правоў чалавека». Прадстаўнік Лаоса заклікаў Беларусь «супрацоўнічаць з усімі механізмамі ААН», а міжнародную супольнасць — «супрацоўнічаць з Беларуссю ў канструктыўным духу».

Таджыкістан выказаў падтрымку Беларусі. Паводле ацэнкі яго прадстаўніка, даклад Наві Пілэй не ўключае ўсю інфармацыю пра Беларусь, у тым ліку пра падзеі 19 снежня. Даклад абапіраецца на другасныя крыніцы.
«Даклад павінен быць аб’ектыўным і справядлівым, а праца Савета па правах чалавека з Беларуссю не павінна быць палітызаванай. Існуючая ў нас інфармацыя дае права заявіць, што Беларусь схільная да ідэяў супрацоўніцтва з Саветам па правах чалавека, у яе няма нявыкананых абавязальніцтваў па прадастаўленні інфармацыі», — заявіў прадстаўнік Таджыкістана.

Уругвай выказаў «занепакоенасць сур’ёзным пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў». «Мы цвёрда перакананыя ў неабходнасці таго, каб Беларусь забяспечыла супрацоўніцтва з усімі механізмамі Савета, а таксама належным чынам забяспечыла выкананне ўсіх сваіх абавязальніцтваў», — заявіў прадстаўнік Уругвая і пацікавіўся ў дэлегацыі Беларусі, якім чынам беларускія ўлады маюць намер дамагацца гэтага.

Уругвай таксама пацікавіўся: ці прыняў Мінск меры для таго, каб прадстаўнікі ўпраўлення вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН падчас візіту ў Беларусь мелі магчымасць сустрэцца з усімі зацікаўленымі бакамі і ці плануецца запрашэнне спецдакладчыкаў ААН.

Дэлегацыя М’янмы адзначыла візіт у Беларусь спецдакладчыка па гандлі людзьмі. Акрамя таго, Беларусь своечасова падавала ўсе неабходныя даклады. «Краінавыя рэзалюцыі ў Савеце па правах чалавека не ствараюць спрыяльнага становішча для развіцця паўнавартаснага і аб’ектыўнага дыялога», — заявіў прадстаўнік М’янмы.

Туркменістан выказаў Беларусі «ўдзячнасць за супрацоўніцтва з рознымі сістэмамі і механізмамі маніторынгу ў рамках Савета па правах чалавека». «Беларусь на рэгулярнай аснове падае патрэбную інфармацыю. Беларусь прайшла працэдуру універсальнага перыядычнага агляду і прыняла ўсе вылучаныя рэкамендацыі», — падкрэсліў прадстаўнік гэтай краіны.

Мексіка назвала непрымальным абмежаванні ў працы журналістаў і праваабаронцаў у Беларусі. «Варта таксама адзначыць цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларускія адвакаты, і інфармацыю пра адсутнасць незалежнасці суддзяў. Абавязак ўрада палягае ў тым, каб юрыдычныя рамкі не перашкаджалі магчымасці на свабоду сходаў, асацыяцый, а таксама свабодзе слова і права на інфармацыю», — заявіў мексіканскі прадстаўнік.

Ён заклікаў Беларусь выканаць рэкамендацыі, выкладзеныя ў дакладзе вярхоўнага камісара Пілэй, і наладзіць супрацоўніцтва з Саветам ААН па правах чалавека і яго праваабарончымі механізмамі.

Батсвана таксама зазначыла аб праблемах з правамі чалавека ў Беларусі. «Шкада, што, хаця Беларусь наладзіла дыялог з дамоўнымі органамі ААН, мы яшчэ раз атрымалі інфармацыю, якая паказвае аб пагаршэнні сітуацыі ў краіне. Мы занепакоеныя законамі, якія абмяжоўваюць грамадзянскія і палітычныя правы ў Беларусі, у тым ліку права на свабоду сходаў і асацыяцый, свабоду слова і меркаванняў «, — заявіў прадстаўнік Батсваны.

Ён заклікаў Мінск правесці расследаванне выпадкаў ужывання катаванняў да затрыманых апазіцыянераў, а таксама заклікаў да паўнавартаснага супрацоўніцтва з упраўленнем вярхоўнага камісара па правах чалавека, у прыватнасці, да забеспячэння доступу ў краіну яго прадстаўнікоў.

Дыскусія па Беларусі пачалася ў Жэневе 27 чэрвеня і працягваецца сёння. Паводле яе вынікаў будзе прынятая рэзалюцыя, фінальнае галасаванне па якой пройдзе ў апошнія дні працы сесіі Савета па правах чалавека ААН, 5 або 6 ліпеня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула